"Коммерсант": Вайна з КДБ патрабуе ахвяраў
- 4.06.2009, 11:25
Аляксандр Лукашэнка прызначыў Анатоля Куляшова новым міністрам унутраных спраў. Эксперты расцэньваюць кадравае рашэнне беларускага лідэра як "спробу ўтрымаць раўнавагу паміж галоўнымі сілавымі структурамі".
Па словах экспертаў, у хуткім часе варта чакаць новую фазу супрацьстаяння паміж МУС і КДБ рэспублікі, паведамляе «Коммерсант».
Указ аб прызначэнні Анатоля Куляшова беларускі кіраўнік падпісаў у аўторак увечары. Куляшоў прыйдзе на пасаду кіраўніка МУС з пасады першага намесніка міністра - начальніка крымінальнай міліцыі. У крэсле галоўнага міліцыянта краіны ён зменіць Уладзіміра Навумава, адстаўку якога Лукашэнка прыняў яшчэ 6 красавіка. Афіцыйна сыход старажыла беларускай палітыкі (Навумаў узначальваў МУС з верасня 2000 года) растлумачылі тады станам ягонага здароўя. Аднак назіральнікі расцанілі адстаўку як праяву новага вітка барацьбы паміж сілавікамі.
На публіку гэтае супрацьстаянне вылілася ў чэрвені 2007 года. Тады ў Магілёве некалькі чалавек у міліцэйскай форме збілі старшыню камітэта дзяржкантролю Зянона Ломаця. Кіраўнік МУС Уладзімір Навумаў тут жа выслаў у Магілёў групу байцоў спецназа, якія адшукалі тых, хто нападаў- імі аказаліся сем супрацоўнікаў КДБ. МУС тут жа паведаміла, што правакацыя была накіраваная супраць міністра Навумава. Тады ў адстаўку адправілі кіраўніка КДБ Мікалая Сухарэнку і ягонага намесніка.
Аднак трыўмф МУС працягваўся нядоўга. У ліпені мінулага года новым шэфам КДБ стаў асабісты сябар сына беларускага кіраўніка, Віктара Лукашэнкі, Вадзім Зайцаў. Менавіта з гэтым прызначэннем расстаноўка сіл у сілавым блоку пачалі змяняцца. МУС даручылі расследаванне справы аб выбуху 3 ліпеня падчас параду па выпадку дня незалежнасці. Эксперты адразу адзначылі, што "міліцыянтам проста падклалі свінню" - справа была відавочна цяжкараскрываемай. Але Ўладзімір Навумаў паабяцаў, што "не будзе класціся спаць, пакуль не раскрые гэтую справу". Бяссонныя ночы кіраўніка МУС скончыліся ў красавіку, калі ён напісаў заяву аб адстаўцы "па стане здароўя".
Праўда, за тры дні да сыходу Навумава група афіцэраў МУС публічна запатрабавала ягонай адстаўкі, абвінаваціўшы міністра ў непрафесіяналізме. Такога ў Беларусі за апошнія 15 год яшчэ не было. Гэта прымусіла шматлікіх экспертаў зрабіць выснову, што ў адстаўцы Ўладзіміра Навумава дакладна прасочваецца спроба "узыходзячай зоркі беларускай палітыкі" Віктара Лукашэнкі паставіць пад свой кантроль не толькі КДБ, але і МУС. Бо Навумаў лічыўся ў беларускай палітыцы досыць буйной постаццю, і прадставіць яго ў якасці крэатуры Лукашэнкі-малодшага было цяжка.
Менавіта з гэтым шматлікія звязваюць чарговы этап вайны паміж КДБ і МУС, якая ўжо вылілася ў чыстку міліцэйскіх шэрагаў, здзейсненую чэкістамі. Так, нядаўна КДБ арыштаваў начальніка галоўнага ўпраўлення аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС палкоўніка міліцыі Івана Шышлу. За апошні месяц гэта была ўжо трэцяя буйная акцыя КДБ супраць кіраўнікоў МУС. Спачатку чэкісты правялі аперацыю ў Гомельскай вобласці, дзе арыштавалі двух кіраўнікоў сістэмы ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі. Пасля гэтага быў затрыманы начальнік гэтай структуры ўсяго МУС палкоўнік Віктар Ермакоў.
З улікам гэтых падзей прызначэнне на пасаду кіраўніка МУС менавіта Анатоля Куляшова выглядае вельмі сімптаматычна. Беларускі палітолаг Віктар Марціновіч растлумачыў кадравае рашэнне Аляксандра Лукашэнкі як "спробу трымаць хоць бы адносную раўнавагу паміж сілавымі структурамі і не дапушчаць канцэнтравання ўсіх сілавых цэнтраў у руках адной групоўкі - клана свайго сына Віктара".
"Куляшоў - тыповы прадстаўнік міліцэйскага асяроддзя, які зрабіў кар'еру ў сістэме МУС. Так што міліцэйская сістэма пры ім захавае сваю аўтаномію",- перакананы палітолаг. Акрамя таго, Віктар Марціновіч лічыць важным і той факт, што новы кіраўнік МУС да снежня мінулага года быў начальнікам менскай міліцыі і "добра знаёмы з практыкай зносінаў з апазіцыйнымі акцыямі пратэсту, што ў чаканні восеньскіх выступленняў апазіцыі немалаважна".