Супраць Эмануіла Зельцэра рыхтуецца правакацыя?
- 4.06.2009, 13:03
Брат асуджанага ў Беларусі грамадзяніна ЗША агалошвае дэталі «уцёкаў на верталёце».
Адпаведны зварот 4 чэрвеня накіраваны па факсе дзяржсакратару Савета бяспекі Юрыю Жадобіну, старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву, генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу, міністру замежных справаў Сяргею Мартынаву, міністру ўнутраных справаў Анатолю Куляшову, кіраўніку адміністрацыі Лукашэнкі Уладзіміру Макею, паведамляе БелаПАН.
У звароце кажацца, што пачынаючы з 9 красавіка 2009 года Марку Зельцэру «стаў тэлефанаваць нейкі Сяргей Сяргеевіч Мікераў, які называе сябе таксама Алікам.
«Ён заявіў, што быў вызвалены з калоніі № 15 у Магілёве, дзе знаходзіцца Эмануіл Зельцэр. Паводле яго словаў, ён быў «завербаваны КДБ Беларусі сачыць за Эмануілам, але пазней пасябраваў з ім і прапанаваў арганізаваць яго ўцёкі, магчыма, верталётам», — кажацца ў звароце.
М.Зельцэр паведамляе, што інфармацыю пра гэта 15 красавіка ён «перадаў у Дзярждэпартамент ЗША, амбасаду ЗША у Менску, ФБР, ЦРУ, амбасаду Беларусі ў Вашынгтоне, органам улады Беларусі». Аднак тэлефанаванні пра ўцёкі, якія рыхтуюцца, працягваюцца, апошні быў 3 чэрвеня. Да звароту брат асуджанага прыклаў спіс тэлефонных нумароў, з якіх яму тэлефанавалі, і зазначыў, што ўсе тэлефонныя гутаркі запісаныя.
Марк Зельцэр расцэньвае гэтыя тэлефанаванні як «правакацыйныя дзеянні ўладаў Беларусі» з мэтай «падставіць Эмануіла, каб «злавіць» яго, вельмі хворага чалавека, падчас так званых уцёкаў». Ён заклікаў «неадкладна спыніць правакацыйныя дзеянні ў дачыненні да брата і пакараць удзельнікаў гэтага злачынства».
Як паведаміў 4 чэрвеня Дзмітры Гарачка, адвакат Эмануіла Зельцэра, дагэтуль адміністрацыя калоніі не атрымала неабходныя дакументы з Менскага гарадскога суду і не мае фармальных падставаў разгледзець пытанне пра прымяненне да асуджанага амністыі.
Адвакат лічыць, што Зельцэр падпадае пад закон аб амністыі, які быў падпісаны прэзідэнтам Беларусі 5 траўня і апублікаваны 7 траўня. Так, закон прадугледжвае вызваленне асобаў, не пералічаных у артыкуле 1 і 2 закона, асуджаных не больш, чым на шэсць гадоў, і якія адбылі не менш за адну чвэрць свайго тэрміна. Зельцэр, арыштаваны 12 сакавіка 2008 года і асуджаны на тры гады, адбыў за кратамі нават больш за гэты тэрмін.
Эмануіл Зельцэр быў затрыманы 12 сакавіка 2008 года. 11 жніўня ён быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі нібыта за замах на камерцыйны шпіянаж. Сваёй віны ён не прызнаў. 31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле. Усе судовыя працэсы прайшлі ў зачыненым рэжыме.
ЗША неаднаразова заклікалі беларускія ўлады вызваліць Зельцэра з меркаванняў гуманнасці, паколькі ў зняволенні яго здароўе сур'ёзна пагоршылася. Абарона і сваякі назвалі прысуд Зельцэру расстрэльным з-за дрэннага стану яго здароўя. Яны лічаць, што асуджаны можа проста не дажыць да заканчэння тэрміна зняволення.