Беларуская «лібералізацыя» не апраўдвае чаканняў амбасадара Германіі
- 5.06.2009, 9:51
Улады даюць зразумець Еўропе, што не маюць намеру выконваць правы і свабоды чалавека.
У Менску ў трэці раз прайшоў Дзень нямецкай эканомікі. Гэты штогадовы форум арганізавалі прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі, Нямецка-беларускі эканамічны клуб і амбасада Германіі ў Беларусі, перадае «Нямецкая хваля».
Падчас форума амбасадар Германіі Гербхард Вайс падкрэсліў, што «лібералізацыя» у Беларусі не можа адносіцца толькі да адной сферы грамадскага жыцця. «Гэта як прынцып, які нейкім чынам сплятаецца ва ўсіх іншых сферах грамадскага і палітычнага жыцця, пры гэтым адно не можа быць без іншага», - сказаў Гербхард Вайс.
Амбасадар ФРГ нагадаў, што Беларусь далучылася да ініцыятывы ЕЗ «Усходняе партнёрства», якая мае пад сабой супрацоўніцтва ў чатырох сферах: належнае дзяржкіраванне і захаванне правоў чалавека, эканамічнае супрацоўніцтва і інтэграцыя ў Еўропу, падвышэнне энергетычнай бяспекі і пашырэнне кантактаў паміж людзьмі.
Гербхард Вайс заклікаў успрымаць усе гэтыя чатыры напрамкі як «сумесныя інтэгральныя магчымасці». Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, аднак, выказаў меркаванне, што ключавым момантам у рэалізацыі «Ўсходняга партнёрства» будзе эканамічная сфера, і распавёў аб мерах, прадпрынятых урадам па лібералізацыі рамачных умоваў для вядзення бізнэсу ў Беларусі.
У сваю чаргу адказны за супрацоўніцтва з Беларуссю прадстаўнік Нямецкага саюза прамыслова-гандлёвых палат Тобіас Баўман вярнуў аўдыторыю да слоў Гербхарда Вайса аб неабходнасці лібералізацыі ўсіх сфер, а не толькі эканомікі, падкрэсліўшы, што ЕЗ цалкам падтрымае такога кшталту рэформы ў Беларусі.