Ваенкаматы працягваюць «паляванне» на апазіцыянераў: затрыманы Яўген Скрабец, які меў адтэрміноўку ад арміі
- 5.06.2009, 13:24
Актывіста «Маладога Фронту» Яўгена Скрабца затрымалі 4 чэрвеня каля пад'езда яго дома супрацоўнікі міліцыі і ваенкамата.
Берасцейскі актывіст «Маладога фронту» паведаміў, што яго вартавалі 4 чалавекі, двое з іх былі ў міліцэйскай форме, а двое ў цывільным, перадае «Радыё Свабода».
Яўгена Скрабца гвалтоўна пасадзілі ў машыну і павезлі ў абласны ваенны шпіталь, каб правесці абследаванне для ваенкамата.
Варта адзначыць, што Яўген Скрабец мае адтэрміноўку ад арміі з прычыны стану здароўя.
Яшчэ некалькім актывістам «Маладога фронту» днямі тэлефанавалі з ваенкамата. Маладафронтаўцы адзначаюць, што так званы «палітычны прызыў» набірае сілу. Цяпер у армію гвалтоўна могуць забраць яшчэ некалькіх грамадскіх актывістаў, і тым самым ізаляваць іх ад актыўнага грамадскага жыцця.