BE RU EN

Намеснік генсакратара Рады Еўропы: «Пытанне зніклых у Беларусі людзей застаецца прыярытэтным для нас»

  • 8.06.2009, 10:40

Эксклюзіўнае інтэрв'ю журналістцы Ірыне Халіп - спецыяльна для сайта Хартыі'97 - дала намесніца Генеральнага сакратара Рады Еўропы Мод дэ Бур-Букікіа.

Інфармацыйны цэнтр Рады Еўропы адкрыўся сёння ў Менску на базе факультэта журналістыкі БДУ. Гэтая міжнародная арганізацыя, якая пазбавіла Беларусь статусу спецыяльна запрошанай дзяржавы ў пачатку 1997 года, упершыню будзе прадстаўленая ў краіне афіцыйна, хай нават на інфармацыйным узроўні. Адкрывалі інфармацыйны цэнтр міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў, дзейсны старшыня Камітэта міністраў Рады Еўропы, міністр замежных справаў Славеніі Самюэль Жбогар, намеснік Генеральнага сакратара Рады Еўропы Мод дэ Бур-Букікіа, дакладчык ПАРЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні і рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Абламейка.

Напярэдадні адкрыцця намесніца Генеральнага сакратара Рады Еўропы Мод дэ Бур-Букікіа ласкава пагадзілася адказаць на пытанні журналісткі Ірыны Халіп – спецыяльна для сайта Хартыі’97.

-- Спадарыня дэ Бур-Букікіа, ідэя адкрыцця інфармацыйнага пункта Рады Еўропы ў Беларусі прагучала яшчэ ў пачатку 2006 года, перад прэзідэнцкімі выбарамі. Менавіта тады пасля дакладу пра сітуацыю ў Беларусі напярэдадні выбараў ПАРЕ прыняла рэзалюцыю, у якой рэкамендавала Камітэту міністраў, «калі дазволяць палітычныя ўмовы, адкрыць у Беларусі інфармацыйны офіс Рады Еўропы ці выкарыстаць існуючыя інфармацыйныя офісы ў суседніх краінах». Па-вашаму, цяперашнія палітычныя ўмовы ў Беларусі дазваляюць адкрыць інфармацыйны офіс? Хіба што-небудзь змянілася за апошнія гады?

-- З таго часу як была прынятая гэтая рэкамендацыя, паміж Радай Еўропы і беларускімі ўладамі было нямала кантактаў, уключаючы зусім нядаўні візіт дэлегацыі ПАРЕ у лютым і візіт старшыні Камітэта міністраў Рады Еўропы (міністра замежных справаў Гішпаніі) у сакавіку. Беларускія парламентары таксама ўдзельнічалі ў дыскусіях па Беларусі ў палітычным камітэце ПАРЕ.

Падчас гэтых сустрэчаў беларускія ўлады выявілі зацікаўленасьць у больш цесных сувязях з Радай Еўропы, прадэманстравалі вялікую адкрытасць і гатоўнасць стварыць у Менску інфармацыйны пункт Рады Еўропы.

У той жа час, як адзначаецца ў дакладзе спадара Рыгоні, дакладчыка палітычнага камітэта ПАРЕ, хаця Беларусь дагэтуль далёкая ад стандартаў Рады Еўропы, у апошні час беларускія ўлады зрабілі шэраг крокаў у правільным накірунку.

Зараз Рада Еўропы падтрымлівае адкрыццё невялікай структуры, але зусім не адкрывае паўнавартасны інфармацыйны офіс. Гэта пакуль свайго роду часовая структура, але мы спадзяемся, што за гэтым першым крокам будуць і іншыя. І яшчэ мы спадзяемся, што нават гэтая сціплая прысутнасць дапаможа прасоваць еўрапейскія каштоўнасці і стандарты Рады Еўропы ў вялікай аўдыторыі. Мы бачым гэты інфармацыйны пункт як адкрытую, дасягальную для ўсіх структуру, здольную даваць інфармацыю пра Раду Еўропы розным катэгорыям беларускіх грамадзянаў – напрыклад, чыноўнікам, студэнтам, навукоўцам, юрыстам, супрацоўнікам няўрадавых арганізацыяў. Мы таксама верым, што наш цэнтр павінен стаць платформай для развіцця розных відаў дзейнасці Рады Еўропы ў Беларусі. Але пачынаць мы павінны з інфармацыйнай кампаніі.

На ўрадавым узроўні Камітэт міністраў Рады Еўропы вельмі ўважліва сачыў за тым, што адбываецца ў Беларусі ў апошні час, і пацвярджае тое, што было сказана падчас саміту кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў у 2005 годзе ў Варшаве: Беларусь павінна далучыцца да сям'і еўрапейскіх дэмакратыяў. Аднак Беларусь абавязаная прадэманстраваць сапраўдны рух да гэтай мэты і зрабіць адпаведныя крокі. Вельмі важным крокам, які прадэманструе сур'ёзнасць намераў, стане адмена смяротнага пакарання ці – у якасці першага кроку – увядзенне мараторыя.

Я таксама хацела б аддаць належнае поспехам старшыняў камітэта міністраў Рады Еўропы за гэты перыяд – міністрам замежных справаў Славакіі, Швецыі, Гішпаніі, а цяпер Славеніі, – за іх пастаянныя спробы падтрымаць стварэнне і адкрыццё інфармацыйнага пункта. Усе гэтыя краіны лічылі Беларусь адным з прыярытэтаў падчас свайго старшынства - у прыватнасці, гаворка ішла пра падтрымку грамадзянскай супольнасці і пра максімальна шырокае распаўсюджванне каштоўнасцяў Рады Еўропы сярод людзей.

-- У 2004 годзе ПАРЕ прыняла рэзалюцыю пра зніклых у Беларусі людзей, у якой прапаноўвае прыпыніць сяброўства Беларусі ва ўсіх праектах Рады Еўропы, як і кантакты на міждзяржаўным узроўні, да расследавання ўладамі абставінаў знікненняў палітычных апанентаў Лукашэнкі, а таксама заклікае краіны-сябры Рады Еўропы ўключыць усе рычагі ўздзеяння, аж да санкцыяў, каб вымусіць улады правесці гэтае расследаванне. Беларускі рэжым праігнараваў рэзалюцыю, абставіны выкрадання людзей па-ранейшаму невядомыя, расследаванне не вядзецца, і тым не менш Рада Еўропы, парушаючы ўласныя прынцыпы, пачынае сумесны праект з Беларуссю. Ці азначае гэта, што пытанне пра зніклых для Рады Еўропы закрытае?

-- Пытанне зніклых у Беларусі людзей застаецца прыярытэтным для Рады Еўропы. Заклік да незалежнага расследавання знікненняў не згубіў сваёй актуальнасці.

Але нават калі палітычныя кантакты былі замарожаныя, працоўныя і тэхнічныя кантакты паміж Беларуссю і Радай Еўропы працягваліся і пасля прыняцця рэзалюцыі і рэкамендацыяў па дакладзе пра зніклых.

Адкрыццё інфармацыйнага пункта дазволіць аднавіць дыялог паміж Радай Еўропы і беларускімі ўладамі, без якога, дарэчы, гэтае адкрыццё не адбылося б, але гэта не павінна быць памылкова зразуметае як знак таго, што нашую арганізацыю больш не хвалюе сітуацыя ў краіне. Наадварот, інфармацыйны пункт зможа адыграць пэўную ролю ў інфармаванні беларускага народа аб некаторых праблемах, якія выклікаюць занепакоенасць Рады Еўропы.

-- Нядаўна палітычны камітэт ПАРЕ прагаласаваў за вяртанне Беларусі статусу спецыяльна запрошанай дзяржавы ў Радзе Еўропы, нягледзячы на тое, што беларускі рэжым па-ранейшаму не прызнаны легітымным, а рэпрэсіі супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці працягваюцца. Не ці здаецца вам, што гэтае рашэнне дыскрэдытавала тыя самыя каштоўнасці, распаўсюджваць якія збірае інфармацыйны пункт Рады Еўропы?

-- На сённяшні дзень гэтая толькі прапанова - вярнуць Беларусі статус спецыяльна запрошанай дзяржавы. Праўда, яна было адзінагалосна ўхваленая палітычным камітэтам. Але ў канцы чэрвеня абмеркаванне гэтай тэмы пройдзе на пленарных паседжаннях сесіі ПАРЕ.

Прапанова палітычнага камітэта падтрымлівае змену стратэгіі ў дачыненні да Беларусі: ад ізаляцыі да ўцягвання. На думку паліткамітэта, для таго каб дапамагаць працэсу дэмакратызацыі Беларусі, неабходна гэта рабіць з прыцягненнем беларускіх уладаў. Гэта ні ў якім выпадку не павінна зменшыць тую падтрымку, якую ПАСЕ аказвала і будзе аказваць грамадзянскай супольнасці.

Згодна з прапановай палітычнага камітэта, вяртанне Беларусі статусу зусім не азначае карт-бланш: яно пройдзе ў адпаведнасці з працэдурай маніторынгу. Прынамсі на працягу года Бюро асамблеі павінна ацэньваць сітуацыю ў Беларусі і, у прыватнасці, наколькі выконваюцца рэкамендацыі ПАРЕ, датычныя палітвязняў, павагі палітычных свабодаў, свабоды слова, рэформы выбарчага заканадаўства і смяротнага пакарання.

Трэба заўважыць, у кантэксце вяртання Беларусі статусу палітычны камітэт прапаноўвае таксама асацыяваны ўдзел у працы ПАРЕ дэлегацыі беларускай пазапарламенцкай апазіцыі. Гэта ўнікальны, выключны крок – бо дэлегацыі ўсіх дзяржаваў у ПАРЕ складаюцца выключна з парламентароў.

-- Інфармацыйны пункт Рады Еўропы адкрываецца ў дзяржаўным універсітэце, што аўтаматычна абмяжоўвае доступ да яго шмат якіх людзей. Чаму вы не адкрываеце яго ў якасці незалежнай структуры?

-- Інфармацыйны пункт – гэта сумесны праект Рады Еўропы і БДУ, і я хацела б скарыстацца магчымасцю падзякаваць універсітэту за адкрыццё нашай структуры на факультэце журналістыкі. Я чакаю паўнавартаснага функцыянавання інфармацыйнага пункта пад апекай БДУ і запэўніваю ў поўнай падтрымцы з боку Рады Еўропы як асноўнага партнёра гэтага праекту. Па ўмовах дамовы паміж намі і БДУ, інфармацыйны пункт будзе дасягальны для ўсіх грамадзянаў Беларусі як структура, якая распаўсюджвае інфармацыю пра усе аспекты працы Рады Еўропы, яго стандарты, інстытуты і віды дзейнасці. Для нас адкрытасць і дасягальнасць - гэта найважная перадумова паспяховай працы інфармацыйнага пункта, і мы будзем строга прытрымлівацца гэтага правіла.

Інфармацыйны пункт будзе таксама даваць падтрымку тэматычным семінарам і іншым відам дзейнасці Рады Еўропы, уключаючы магчымае супрацоўніцтва з мясцовымі і цэнтральнымі ўладамі, і зможа садзейнічаць удзелу Беларусі ў кампаніях Рады Еўропы па такіх праблемах, як адмена смяротнага пакарання ці сацыяльнае ўзаемадзеянне па пытаннях правоў дзяцей і барацьбы супраць хатняга гвалту.

Я таксама спадзяюся, што інфармацыйны пункт дазволіць нам данесці інфармацыю да беларускай грамадзянскай супольнасці, асабліва моладзі, тым шляхам, які не быў дасягальны раней.

-- Чаму, на ваш погляд, Еўропа, якая больш за 10 гадоў асуджала нелегітымны рэжым у Беларусі, так хутка і ўзгоднена змяніла сваё стаўленне да гэтага рэжыму і прызнала яго?

-- Рада Еўропы, Еўразвяз і АБСЕ рэгулярна праводзяць сустрэчы на вышэйшым узроўні, падчас якіх узгадняюць свае пазіцыі па шэрагу пытанняў, звязаных з працэсамі ў іншых еўрапейскіх краінах. Што датычыць Беларусі, дык Рада Еўропы і ЕЗ разам прывіталі нядаўнія пазітыўныя крокі, зробленыя ўладамі Беларусі, але ў той жа час адзначылі неабходнасць падтрымліваць гэтую станоўчую тэндэнцыю больш сістэматычным прагрэсам - прыняццем фундаментальных каштоўнасцяў дэмакратыі, павагай правоў чалавека і вяршэнствам закона. Той факт, што Беларусь удзельнічае ў праграме «Усходняе партнёрства», дапаможа далейшаму руху краіны ў гэтым накірунку.

Апошнія навіны