Поўная блакада: Забараняюць увоз 1 300 відаў беларускай прадукцыі
- 9.06.2009, 11:48
Расспажыўнагляд гатовы забараніць увоз яшчэ 800 найменняў беларускіх сыроў і малака.
"Як паказаў дадатковы аналіз, выкананне тэхрэгламента на малако і малочную прадукцыю, пераафармленне дакументаў на тэрыторыі Смаленскай і Бранскай вобласці праводзілася з відавочным парушэннем такога кшталту працэдураў", — паведаміў РИА «Новости» кіраўнік службы Генадзь Анішчанка.
Паводле яго словаў, у выніку будзе адклікана 406 санітарна-эпідэміялагічных заключэнняў, выдадзеных ці перааформленых для беларускай прадукцыі ў Бранскай вобласці. Такі ж лёс чакае 107 заявак на беларускую малочную прадукцыю, якія ўнесеныя расейскімі пастаўшчыкамі ў Бранскай вобласці.
Што датычыць Смаленскай вобласці, дык, як паведаміў Г.Анішчанка, пастаўкі, якія ажыццяўляюцца па 198 выдадзеных дазволах, будуць прыпыненыя, яшчэ 92 дакумента, змешчаных у лісце чакання, будуць адкліканыя.
6 чэрвеня кіраўнік Расспажыўнагляда вынес рашэнне пра забарону на ўвоз у Расею 500 відаў беларускіх малочных прадуктаў з-за таго, што на іх дагэтуль не аформленыя ўсе дакументы ў адпаведнасці з расейскім тэхрэгламентам, які набыў сілу ў снежні 2008 года.
Г.Анішчанка таксама заявіў, што перамовы з Беларуссю па "малочнай" праблеме наўрад ці магчымыя: "Што датычыць перамоваў, дык Расспажыўнагляд вымушаны адклікаць раней выказанае пажаданне па перамовах з беларускім бокам, паколькі, па ацэнках некаторых яго чыноўнікаў, гэтая праблема з'яўляецца надуманай. Адцягваць нашых беларускіх калегаў па надуманых праблемах мы лічым неабдуманым і прыносім прабачэнні за турботы".
5 чэрвеня прэм'ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін заявіў пра неабходнасць фармавання адзіных умоваў давання датацыяў сельгасвытворцам Расеі і Беларусі. Паводле яго словаў, датацыі, якія Беларусь дае сваім вытворцам неразведзенага малака, дасягаюць 24%, у той час як у Расеі гэтыя датацыі складаюць толькі 3%.
Прэм'ер-міністр паведаміў, што закранаў гэтую тэму пры стасунках з беларускімі партнёрамі і тыя выказалі гатоўнасць абмяркоўваць пытанне пра датацыі на перамовах. Пры гэтым У.Пуцін падкрэсліў: "Я добра ведаю, у якім рэжыме гэтыя падыходы выпрацоўваюцца з нашымі калегамі — гэта можа быць доўга, таму я зараз даў указанне мытнай службе сфармуляваць прапановы, якія б дазволілі нам стварыць неабходныя ўмовы для вядзення гэтага перамоўнага працэсу".
1 чэрвеня ў інтэрв'ю буйным расейскім друкаваным выданням А.Лукашэнка абвінаваціў Расею ў абмежаванні паставак беларускага харчавання, якое танней дзякуючы дзяржпадтрымцы сельскай гаспадаркі.