Пракуратура вынесла папярэджанне журналісту «Газеты Выборчай» Андрэю Пачобуту
- 9.06.2009, 12:46
Беларускага журналіста, які працуе на польскія СМІ і з'яўляецца сябрам незарэгістраванага Саюза палякаў у Беларусі, Андрэя Пачобута выклікалі ў пракуратуру Гарадзенскай вобласці.
Яму зачыталі афіцыйнае папярэджанне пра недапушчэнне парушэння заканадаўства Беларусі. Пачобута папярэдзілі аб тым, што ён не мае права прадстаўляцца старшынём Галоўнай Рады «Саюза палякаў у Беларусі», а таксама афіцыйна забаранілі карыстацца сімволікай СПБ, паведамляе «Радыё Рацыя».
Падставай для папярэджання стаў ліст з Генпракуратуры, куды прадстаўнікі арганізацыі звярнуліся ў сувязі з паказаным па БТ сюжэтам, прысвечаным правядзенню VII з'езду Саюза палякаў. У сюжэце сцвярджалася, што дэлегаты з'езду называлі палякаў вышэйшай расай. Зварот у якасці старшыні Галоўнай рады «Саюза палякаў у Беларусі» падпісаў А. Пачобут:
- Генеральная пракуратура не захацела ўжо разглядаць нашую скаргу, яе не цікавіць тое, што беларускае дзяржаўнае тэлебачанне распальвае міжнацыянальную варожасць, яе цікавіць наш Саюз палякаў і тое, што мы нелегальныя. Ніякага ўплыву на дзейнасць арганізацыі і маю дзейнасць гэтае папярэджанне мець не будзе, пра што я паінфармаваў пракурора, які мне зачытваў гэтае папярэджанне.
Андрэй Пачобут лічыць, што ўладу раздражняе актыўнасць іх арганізацыі напярэдадні правядзення з'езду праўрадавага Саюза палякаў.