Іван Шыла здаў іспыт па ангельскай мове на 9 балаў
- 9.06.2009, 16:06
Гвалтам забраны ў войска актывіст «Маладога Фронту» здаў апошні іспыт, які быў яму неабходны для атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі.
Іван Шыла здаў іспыт на 9 балаў, паведамляе газета «Наша Ніва».
Летась Шылу па палітычных матывах выключылі з салігорскай сярэдняй школы №4 за адзін дзень да апошняга іспыту. У знак пратэсту са школы звольнілася дырэктар Вольга Сянькова. Праз паўгады моладзевага актывіста гвалтоўна забралі ў войска.
Таксама ў войска былі гвалтоўна забраныя і іншыя моладзевыя актывісты.
28 студзеня менскага актывіста «Маладога Фронту» Зміцера Хведарука, які з'яўляецца студэнтам Біблейскага каледжа, затрымалі дома і ў кайданках адвезлі ў ваенкамат.
Прыблізна ў той жа час гвалтоўна, у кайданках быў адпраўлены на вайсковую службу і кіраўнік «Моладзі БНФ» Франак Вячорка.
Таксама гвалтоўна былі забраныя моладзевыя актывісты Ігар Салавей, Юрый Дзяшук, Алесь Каліта, Зміцер Жалезнічэнка і шматлікія іншыя.