BE RU EN

Расследаванне гібелі ў Беларусі літоўскага супрацоўніка дзяржбяспекі будзе адноўлена

  • 9.06.2009, 16:08

Вільнюскі акруговы суд пастанавіў, што дасудовае расследаванне па факце гібелі ў Брэсце супрацоўніка Дэпартамента дзяржбяспекі (ДГБ) Літвы Вітаўтаса Пацюнаса павіннае быць адноўлена.

Акруговы суд у аўторак адхіліў просьбу літоўскай Генпракуратуры ануляваць пастанову Першага Вільнюскага ўчастковага суду ад 14 мая аб аднаўленні расследавання гібелі Вітаўтаса Пацюнаса. Вільнюскі акруговы суд матываваў сваё рашэнне адсутнасцю падставаў прызнаваць, што дасудовае расследаванне было праведзенае падрабязна.

Гэтая пастанова акруговага суду з'яўляецца канчатковай і абскарджанню не падлягае.

Удава В.Пацюнаса Людвіка Пацюнене (Liudvika Pociuniene) двойчы абскардзіла адмову Генпракуратуры аднавіць дасудовае расследаванне па згаданай справе. У канцы сакавіка Генпракуратура вырашыла не пераглядаць справу і пакінуць у сіле ранейшую пастанову пракурора аб спыненні дасудовага расследавання.

У лістападзе 2006 года Генпракуратура ўсталявала, што В.Пацюнас, які працаваў у консульстве Літвы ў Гародні 23 жніўня 2006 года падчас службовай камандзіроўкі ў Брэст загінуў ад няшчаснага выпадку, выпаўшы ў акно гасцінічнага нумара, і спыніла дасудовае расследаванне. Пракуроры не знайшлі сведчанняў, што афіцэр быў сілай выпхнуты або выкінуты ў акно. Аднак блізкія афіцэра і прадстаўнікі грамадскасці неаднаразова абскардзілі ў судзе гэтую пастанову.

Апошнія навіны