Каталіцкія біскупы абвінавацілі Чавеса ў навязванні «сацыялізму»
- 13.07.2009, 9:58
Каталіцкія біскупы Венесуэлы выступілі супраць Уга Чавеса на пленарным паседжанні ў Каракасе.
Лідэр Венесуэлы Уга Чавес будуе «сацыялізм XXI стагоддзя» супраць волі жыхароў краіны, заявілі каталіцкія біскупы Венесуэлы на пленарным паседжанні, якое скончылася ў Каракасе, паведамляе РІА Новости.
У заключным дакуменце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў падкрэсліваецца неабходнасць улічваць волю народа ў кіраванні краінай. Іерархі адзначылі, што адной з асноўных прычын пагаршэння сітуацыі ў Венесуэле стала «нежаданне ўлады весці дыялог з грамадствам».
Нагадваючы, што дзяржава ўзяла на сябе абавязанне гарантаваць грамадзянам краіны свабоду слова, каталіцкія біскупы са шкадаваннем канстатавалі павелічэнне выпадкаў яе ўшчамлення, а таксама злоўжыванняў, звязаных з «парушэннем нормаў, якія вынікаюць з годнасці чалавека і агульнага дабра».
Рашучы пратэст каталіцкіх іерархаў выклікаў таксама новы законапраект аб сям'і, што абвяшчае раўнапраўе гомасексуальных і традыцыйных гетэрасексуальных шлюбаў. Супраць гэтага законапраекта выступілі таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій Венесуэлы.
Біскупы настойваюць на неабходнасці выкладання ў школе прадметаў рэлігійнага цыклу, а таксама на праве бацькоў на вольны выбар школы для сваіх дзяцей, што ў Венесуэле становіцца ўсё больш складаным.