BE RU EN

Вінцук Вячорка: «Раманавы павінныя пакаяцца за 145 год каланіяльнага прыгнятання Беларусі»

  • 15.07.2009, 13:30

Намеснік Партыі БНФ Вінцук Вячорка пракаментаваў прыезд у Гомель кіраўніка Расейскага імператарскага дома княгіні Марыі Раманавай.

Нагадаем, што Марыя Раманава наведае Гомельскую вобласць 16-18 ліпеня.

Каментуючы гэты прыезд на сайце pbnf.org, першы намеснік Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў:

«Раманавы - заваёўнікі нашай Радзімы. Крывавыя. На руках Раманавых кроў герояў Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага і Жыгімонта Серакоўскага, паламаныя лёсы Багрыма і Багушэвіча і мільёнаў, мільёнаў беларускіх сялян і шляхты, святароў, мяшчан, князёў… Рэкрутчына і нябачаны раней прыгон. Гвалтоўны разрыў гаспадарчых сувязяў з Еўропай і прыпыненне развіцця вольнага рынка. Пераслед усіх веравызнанняў, акрамя «дзяржаўнага». Забарона ўжывання імя нашай мовы і нашага народа, забарона друку па-беларуску - вось, што такое Расейская імперыя для беларусаў, у якіх акупантам не атрымалася ампутаваць памяць».

Па словах Вінцука Вячоркі, Раманавы лічаць сябе пераемнікамі расейскага манархічнага трона.

«Таму толькі пасля публічнай просьбы аб прабачэнні перад народам Беларусі за агрэсіўныя захопніцкія войны, за 145 год каланіяльнага заняволення, за этнацыд і пераслед беларускай мовы ім можа быць дазволена перасекчы мяжу незалежнай Беларусі», -- заяўляе палітык.

Стаўленне беларускіх улад да прыезду Марыі Раманавай выклікала незадаволенасць і ў беларускіх гісторыкаў. Яны здзіўленыя, як падаюць афіцыйныя СМІ візіт спадчынніка «расейскіх каланізатараў».

Вось як ахарактарызаваў перыяд кіравання Раманавых у інтэрв'ю «Радыё Свабода» доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч:

«Гэта той перыяд, калі Беларусь была ўключаная ў склад Расейскай імперыі. Гэта значыць - з 1772—95 гадоў, калі ў трох падзелах спачатку ўсходняя, потым цэнтральная, а потым Заходняя Беларусь былі далучаныя, калі дзялілі суседзі, Расея, Прусія і Аўстрыя, Рэч Паспалітая. Вось тады беларусы і сталі падданымі дынастыі Раманавых. Хоць некаторыя гісторыкі па генеалогіі нават выводзяць род Раманавых з Беларусі, Літвы, Вялікага Княства Літоўскага. …> Што датычыцца Беларусі, то роля Раманавых была, як кіраўніка краіны, фактычна асадніцкай. І калі вялікая княгіня Марыя Ўладзіміраўна прыязджае ў Гомель, гэта значыць проста наведванне сваёй былой, з пункту гледжання імперыі, тэрыторыі.

Мяне толькі дзівяць беларускія ўлады. Як быццам Беларусь не з'яўляецца незалежнай дзяржавай. І там ужо так сустракаюць вялікую княгіню - гэта проста недарэчна».

Апошнія навіны