Анатоль Грыцкевіч: Улады паводзяць сябе так, нібыта Беларусь не з’яўляецца незалежнай дзяржавай
- 15.07.2009, 16:23
Беларускія гісторыкі ўражаныя стаўленнем уладаў да візіту княгіні Марыі Раманавай.
Доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч у інтэрв’ю «Радыё Свабода» заяўляе, што дынастыя Раманавых выконвала на тэрыторыі сучаснай Беларусі ролю каланізатараў.
«Гэта той пэрыяд, калі Беларусь была ўключаная ў склад Расейскай імпэрыі. Гэта значыць — з 1772—95 гадоў, калі ў трох падзелах спачатку ўсходняя, потым цэнтральная, а потым заходняя Беларусь былі далучаныя, калі дзялілі суседзі Расея, Прусія і Аўстрыя Рэч Паспалітую. Вось тады беларусы і сталі падданымі дынастыі Раманавых. Хаця некаторыя гісторыкі па генеалогіі нават выводзяць род Раманавых з Беларусі, з Літвы, з Вялікага Княства Літоўскага. Праўда, такіх доказаў няма. Але такая версія ёсьць».
Па словах доктара гістарычных навук, дынастыя Раманавых мела непасрэднае стаўленне да жорсткіх падаўленняў нацыянальных вызваленчых паўстанняў.
«Усялякія спробы барацьбы за незалежнасьць, паўстанні нашыя падаўляліся, пачынаючы яшчэ з паўстання Касцюшкі і паўстання Каліноўскага., -- заяўляе Анатоль Грыцкевіч. -- Гэта ўсё жорстка падаўлялася царскімі войскамі і царскай адміністрацыяй.
Што датычна Беларусі, то роля Раманавых была, як кіраўнікоў дзяржавы, фактычна каланізатарскай. І калі вялікая княгіня Марыя Ўладзіміраўна прыязджае ў Гомель, гэта значыць проста наведванне сваёй былой, з пункту гледжання імперыі, тэрыторыі.
Мяне толькі дзівяць беларускія ўлады. Нібыта Беларусь не з’яўляецца незалежнай дзяржавай. І там ужо так сустракаць вялікую княгіню — гэта проста недарэчна»
Нагадаем, што кіраўнік Расейскага імператарскага дома княгіня Марыя Раманава наведае Гомельскую вобласць 16-18 ліпеня.
Перад ейным візітам афіцыйныя беларускія дзяржСМІ выдалі хвалебныя артыкулы, якія былі неадназначна прынятыя прадстаўнікамі апазіцыі.
Так агенцтва БелТА звяртаецца да Марыі Раманавай няйначай як "кіраўнік Расейскага Імператарскага Дома Яе Імператарская Высокасць Гасударыня Вялікая Княгіня (дэ-юрэ Яе Імператарская Вялікасць Гасударыня Імператрыца і Самадзержыца Ўсерасейская) Марыя Ўладзіміраўна Раманава". Апісваючы мэту візіту князёўны, БелТА агаворваецца што яна "прыбывае ў Беларусь, каб сустрэцца з суайчыннікамі, пакланіцца святыням беларускай зямлі і ўшанаваць памяць абаронцаў Айчыны. Гэты візіт паслужыць мэтам адраджэння і ўмацавання духоўнага адзінства ўсіх народаў, звязаных агульным гістарычным лёсам і вялікай усерасейскай культурай".