У Менску аўтобус сутыкнуўся з тралейбусам: 6 пасажыраў атрымалі пераломы (Фота)
- 15.07.2009, 16:53
Больш за паўтара дзясяткі чалавек пацярпелі ў дарожна-транспартным здарэнні з удзелам тралейбуса і аўтобуса, якое адбылося 14 ліпеня.
ДТЗ адбылося каля 15 гадзін дня на перакрыжаванні вуліц Ляшчынскага і Прытыцкага ў Менску, паведамляе БелаПАН.
Як паведамілі ў ДАІ Фрунзенскага раёна, тралейбус № 31, які выехаў на перакрыжаванне вуліц Ляшчынскага і Прытыцкага, урэзаўся ў аўтобус № 116. Акрамя таго, у аварыі пацярпеў легкавы аўтамабіль «Фольксваген».
Па папярэдніх дадзеных, не даўшы завяршыць праезд перакрыжавання кіроўцу аўтобуса, кіроўца тралейбуса пачаў рух і здзейсніў бакавое сутыкненне з аўтобусам. У выніку ў аварыі пацярпелі 18 чалавек, з якіх у шасці ўсталяваныя пераломы. Хто стаў вінаватым у ДТЗ, а таксама ягоныя акалічнасці яшчэ высвятляюцца, падкрэслілі ў ДАІ.
Гэта яшчэ адна сур'ёзная дарожная аварыя з удзелам грамадскага транспарта і шматлікімі пацярпелымі, якая адбылася ў сталіцы за апошнія тыдні. Як ужо паведамляў БелаПАН, 24 чэрвеня ў пасёлку Гатава пад Менскам маршрутны аўтобус сутыкнуўся з «МАЗам», гружаным пяском. У выніку сутыкнення аўтобус выехаў у кювет, а грузавік перавярнуўся. Тады пацярпела 13 чалавек, якія былі дастаўленыя ў лякарню.