Арышты ў Віцебску за расцяжку «Свабоду палітвязням»
- 17.07.2009, 9:46
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывістаў «Еўрапейскай Беларусі», БХД і «Маладой Беларусі», якія вывесілі на мосце праз Дзвіну ў цэнтры Віцебску расцяжку і бел-чырвона-белы сцяг.
Чацвёра актывістаў былі дастаўленыя ўвечары 16 ліпеня ў Чыгуначны РУУС Віцебску. Яшчэ траіх маладых людзей, якія прыйшлі падтрымаць таварышаў да аддзялення міліцыі, таксама затрымалі.
Як паведаміў кіраўнік віцебскага філіяла «Моладзі БНФ» Аляксандр Кузняцоў, на ягоных вачах з будынка выйшлі людзі ў цывільным і схапілі прадстаўніка БХД Алеся Галаваню, потым у райаддзел загадалі зайсці Ірыне Пятровай. Загад прад'явіць дакументы і растлумачыць, як ён апынуўся каля аддзяленняў міліцыі, атрымаў і сам Кузняцоў.
Ва ўсіх затрыманых супрацоўнікі міліцыі патрабавалі тлумачэнні аб з'яўленні расцяжкі «Свабоду палітвязням» і бел-чырвона-белага сцяга на мосце праз Дзвіну.