Мядзведзеў адмовіўся ехаць у Менск на запрашэнне Лукашэнкі?
- 2.07.2009, 9:19
Дагэтуль невядома, хто з кіраўніцтва РФ прыме ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды Дня вызвалення Менска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пра запрашэнне на свята Дзмітрыя Мядзведзева дзяржсакратар расейска-беларускай «саюзнай дзяржавы» Павал Барадзін распавёў яшчэ ў пачатку чэрвеня. Афіцыйнага адказу расейскага боку пакуль не было. Але ўчора Мядзведзеў накіраваў віншаванне Аляксандру Лукашэнку: «Вельмі важна берагчы пранесеныя праз цяжкія выпрабаванні сяброўства і ўзаемную павагу, якія застаюцца надзейнай асновай для развіцця нашых сувязяў».
Мяркуючы па віншаванні, якое з'явілася на сайце Крамля, Мядзведзеў у Менск не паедзе.
«Калі першых асобаў Расеі не будзе на святкаванні, дык гэта стане сведчаннем, што нашыя адносіны па-ранейшаму знаходзяцца ў канфліктнай фазе», -- заявілі «Времени новостей» беларускія палітолагі. Адносіны паміж Масквой і Менскам у апошні час азмрочваліся неаднаразова. У чэрвені бакі перажылі гандлёвы канфлікт, падчас якога беларуская малочная прадукцыя не дапускалася на расейскі рынак. У хуткім часе паміж саюзнікамі не выключаныя новыя непаразуменні па пытаннях паставак газу. «Газпрам» запатрабаваў ад Менска выплаты доўгу ў памеры 244 млн дал., наяўнасці якога не прызнае беларускі бок. У сваю чаргу Менск незадаволены нежаданнем Масквы вылучыць 500 млн дал. крэдыту.
Аляксандр Лукашэнка нават папракнуў Расею ў тым, што яна паставіла ўмовай давання крэдыту прызнанне беларусамі незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Менск абяцаў вызначыцца ў гэтым пытанні на нядаўняй сесіі «парламента». Яе праца скончылася 30 чэрвеня, але пытанне аб прызнанні двух рэспублікаў нават не патрапіла ў парадак дня.
Зніжэнне эканамічнай падтрымкі з боку Масквы негатыўна адбіваецца на братэрскіх пачуццях Менска ў адносінах да яе. Беларускі палітолаг Аляксандр Класкоўскі звярнуў увагу «Времени новостей» на тое, што сёлета ў традыцыйных прамовах прадстаўнікоў Менска з нагоды свята «тэма баявога братэрства з расейцамі падаецца дазавана, пры гэтым прыкметна прыглушаная антызаходняя і антынатаўская рыторыка». Суразмоўца нагадаў: «Быў перыяд у найноўшай гісторыі, калі беларускаму кіраўніцтву незалежнасць падавалася часовым этапам, калі зліццё з Масквой, якое павінна было адбыцца, асацыявалася з трыюмфальным уваходжаннем у Крэмль. Тады на першы план вылучаліся каштоўнасці, якія аб'ядноўваюць дзве краіны».
Сёлета беларусы часцей кажуць пра наша агульнае гістарычнае мінулае, чым будучыню. У Менску 3 ліпеня адбудзецца ваенны парад, а Лукашэнка ўскладзе кветкі да манумента Перамогі. Урачыстасці ў Беларусі пачаліся ўжо ў мінулыя выходныя. Яны праходзяць з асаблівым размахам, бо адзначаецца 65-годдзе вызвалення Менска.