BE RU EN

«Le Temps»: Былы старшыня калгасу фліртуе з Еўропай

  • 20.07.2009, 12:13

Папулярнае швейцарскае выданне піша, што беларускі кіраўнік не зможа пазбавіцца ад эканамічнай залежнасці ад Расеі.

Сёлета споўнілася 15 год са дня прыходу да ўлады ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі піша Аляксандр Біет у артыкуле, надрукаваным у газеце Le Temps.

Аляксандр Лукашэнка, якога называюць «апошнім дыктатарам Еўропы», адзначае 15-ю гадавіну прыходу да ўлады, а ягоны рэжым памнажае таемныя знакі ў накірунку Захаду, перш за ўсё ЕЗ. І усё гэта - у шкоду сваім прывілеяваным адносінам з Расеяй, якія няўхільна пагаршаюцца.

На працягу ўсяго мінулага года Лукашэнка прадпрымаў спробы пазбавіцца ад эпітэта «апошні дыктатар Еўропы»: у 2008 годзе ён вызваліў палітвязняў, што дазволіла яму ізноў выязджаць за мяжу. Ён атрымаў магчымасць сустрэцца з Папай Рымскім і італьянскім прэм'ерам Сільвіа Берлусконі. Ён скарыстаўся магчымасцю прыняць удзел у праграме Партнёрства ЕЗ з краінамі Ўсходняй Еўропы. Пры гэтым Масква негатыўным чынам ацэньвае ўмяшанне Брусэля ў справы свайго суседа.

Лукашэнка ў канцы чэрвеня заявіў і аб жаданні аднавіць у поўным аб'ёме дыпламатычныя адносіны са Злучанымі Штатамі. Ён выказаўся за «шчыльныя і доўгачасовыя сувязі з амерыканскай адміністрацыяй».

Гэты абмен дыпламатычнымі ласкамі адбываецца на фоне пагаршэння адносінаў Беларусі са сваім «старэйшым братам». Яшчэ па завяршэнні расейска-грузінскага канфлікту ў жніўні мінулага года, Масква мела магчымасць ацаніць адмову свайго беларускага саюзніка прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. За гэтым рушылі ўслед «малочная вайна», калі Расея ўвяла забарону на ўвоз некаторых вдаў мясамалочнай прадукцыі з Беларусі, і пагрозы «Газпрама» скараціць пастаўкі газу Менску, калі Менск не загасіць запазычанасць у 175 млн еўра.

Гэтыя гандлёвыя і эканамічныя канфлікты суправаджаюцца ростам дыпламатычнай напружанасці. Лукашэнка, былы старшыня калгасу, адкрыта сказаў: «Не варта плакаць. Калі не атрымліваецца з Расеяй, мы пойдзем шукаць сваё шчасце ў іншым месцы».

Але, нягледзячы на ўсе прадпрымаемыя крокі насустрач Захаду, у Менска няма сродкаў, каб атрымаць «развод» ад Масквы. Знаходзячыся ў эканамічнай залежнасці ад Расеі, Лукашэнка спрабуе лавіраваць паміж Захадам і Масквой. Ён спрабуе атрымаць выгаду ад нагнятанай ім самім дыпламатычнай напружанасці. Быць можа, менавіта дзякуючы такой палітыцы нікому не вядомы ў 1994 годзе папуліст утрымліваецца ля ўлады.Бо ў самым пачатку ніхто не прадказваў яму доўгай палітычнай будучыні.

Апошнія навіны