«Афганец» Канстанцін Уланаў застаецца сведкай па справе Аўтуховіча
- 20.07.2009, 16:59
57-гадовы Канстанцін Уланаў праходзіць сведкай па крымінальнай справе, узбуджанай ў адносінах Мікалая Аўтуховіча. Па першым патрабаванні следчага ветэран вайны ў Афганістане павінен з'яўляцца да следчага.
Канстанціна Ўланава затрымалі 7 ліпеня, калі ветэран вайны ў Афганістане літаральна на адзін дзень вярнуўся з лецішча ў Менск за пенсіяй. На менскай кватэры Ўланава канфіскавалі афіцыйна зарэгістраваную стрэльбу, самога «афганца» па падазроне ў дачыненні да крымінальнай справы Мікалая Аўтуховіча на дзесяць сутак пасадзілі ў турму на Акрэсціна.
Раніцай 17 ліпеня Канстанціна Ўланава вызвалілі. Але «афганец» па-ранейшаму праходзіць сведкай па крымінальнай справе і па першым патрабаванні павінен з'яўляцца да следчага.
Як паведамляе «Беларускі партызан», у Канстанціна Ўланава пачаліся праблемы са здароўем. Зараз, па інфармацыі жонкі Тацяны Ўланавай, муж знаходзіцца пад хатнім назіраннем лекараў.
Праваабаронцы лічаць, што Канстанціна Ўланава маглі арыштаваць для таго, што прымусіць даваць паказанні супраць Мікалая Аўтуховіча. З часу арышту ваўкавыскіх прадпрымальнікаў у лютым 2009 года з імі не праводзілася ніякіх следчых дзеянняў.
Нагадаем, што Мікалай Аўтуховіч і яшчэ два актывіста прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыска - Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка - былі затрыманыя 8 лютага з санкцыі пракурора Гарадзенскай вобласці. 18 лютага ўсім траім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці).
Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, зважаючы на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі судзімыя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.
Мікалай Аўтуховіч тры месяцы трымаў галадоўку ў СІЗА №1 ГУУС Менгарвыканкама, патрабуючы ў найкароткія тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе. Аб выхадзе з галадоўкі Мікалай Аўтуховіч абвясціў 16 ліпеня.