Лідзія Аўтуховіч: «Дапамажыце, выратуйце майго сына!»
- 21.07.2009, 9:51
У Ваўкавыску ўпэўненыя: абвінавачванні супраць Мікалая Аўтуховіча беспадстаўныя. Улады проста помсцяць яму за палітычную пазіцыю і гатоўнасць абараняць свой бізнэс.
Нагадаем, што 16 ліпеня палітвязень Мікалай Аўтуховіч спыніў галадоўку, якую трымаў 3 месяцы. Але цяпер былы кіраўнік фірмы «Ніка-таксі 22222» абвінавачваецца не толькі ў падпале хаты супрацоўніка міліцыі, але і падазраецца ў тым, што нібыта рыхтаваў забойства старшыні Гарадзенскага аблвыканкама, а таксама намесніка міністра па падатках і зборах. І калі меркаваць па інфармацыі, якая паступае з МУС, замахвацца на іх жыццё ён павінен быў з дапамогай знойдзенага ў Гародні ў 2005 годзе… гранатамёта (!).
Як піша газета «Салідарнасць», у 50-тысячным Ваўкавыску жартаваць наконт апошніх заяваў у дачыненні да Мікалая Аўтуховіча ніхто ўжо не можа. Занадта сур'ёзны кірунак прымае яго справа.
Прыехаўшы ў Ваўкавыск, карэспандэнт газеты паспрабаваў пагаварыць з супрацоўнікамі фірмы «Ніка-таксі 22222» і яе цяперашняй дырэктаркай Людмілай Парэмскай, якая нядаўна была арыштаваная, а затым выпушчаная на волю. Але на прахадной перад зачыненымі дзвярыма аўтар гэтых радкоў быў сустрэты вахцёрам. Уключыўшы беларускае ўменне касіць пад прасцяцкага хлопца, які нічога не ведае і якому няма ні да чаго справы, той як мага больш звычайна адказаў: «Дырэктар у камандзіроўцы. Калі будзе? Ды чорт яго ведае».
Патрапіць на тэрыторыю фірмы «Ніка-таксі 22222» пабочнаму чалавеку сёння немагчыма.
Адказ пра тое, што Людміла Парэмская ў камандзіроўцы, атрымлівае кожны, хто спрабуе датэлефанавацца ёй ужо на працягу тыдня – з моманту выхаду дырэктаркі фірмы з-пад арышту.
Дарэчы, на гэтым самым месцы – каля офіса фірмы таксі – можна зразумець, што «Ніка-таксі 22222» была галоўнай справай у жыцці працаголіка Мікалая Аўтуховіча. Справа ў тым, што задняя сценка гаражнага масіва фірмы з'яўляецца адначасова задняй сценкай пабудаванага з іншага боку двухпавярховага дома прадпрымальніка. Гэта значыць, на тое, каб патрапіць са свайго ложка ў офіс, яму трэба было патраціць ад сілы хвілінаў пяць.
Цяпер дзверы на абнесены высокімі сценамі ўчастак прадпрымальніка зачыненыя. Па словах суседзяў, жонка Аўтуховіча тут не з'яўлялася ўжо каля трох месяцаў, а яго дачка даўно вучыцца ў Польшчы.
Пенсіянерка, якая жыве праз дарогу распавядае, як людзям шкада Мікалая. Разам з сяброўкай яны ездзілі на яго недарагіх таксоўках ў лазню, а адным суседзям ён бясплатна вылучыў машыну на пахаванне.
-- Ідзе па дарозе, заўсёды вітаецца са мной, хоць і не знаёмы. Вы там, у Менску, дапамажыце яму як-небудзь, – кажа на развітанне бабуля.
«У нас канфіскавалі партрэт Аўтуховіча ў ваеннай форме»
Юлія Міхнюк, дачка найбліжэйшага паплечніка Аўтуховіча Юрыя Лявонава, з якой мы размаўляем на цэнтральнай плошчы горада, пра дапамогу не просіць, а проста спадзяецца на нечакана добрую развязку. Прыкладна, як паўтары гады таму, калі яе бацька датэрмінова вызваліўся з калоніі і раптам увечары з'явіўся дома.
– Юлія, ці быў для вашага бацькі і вас яго арышт 8 лютага нечаканым?
– Безумоўна. Пасля першай адсідкі бацькі я ў яго спытала ці будуць у яго ў далейшым праблемы. Ён упэўнена сказаў, што ўсё, ніякіх справаў у дачыненні да яго ўжо адкрывацца не будзе.
Паколькі бацька напрацягу 5 гадоў не мог займаць кіруючыя пасады, ён стаў працаваць у фірме праграмістам. Усё ішло спакойна да 8 лютага.
У 7 раніцы нам патэлефанавалі ў кватэру. Акрамя бацькі, які збіраўся на працу, усе спалі. Тата адчыніў дзверы, і да нас заляцела 6 чалавек у цывільным. Бацьку сунулі пастанову аб ператрусе. У нас канфіскавалі партрэт Аўтуховіча ў ваеннай форме, асабістую перапіску бацькі з маці, яго нататнік і паяльнік.
Пасля таго, як бацьку забралі на допыт і стала вядома, што яго адвязуць у СІЗА, я прыехала ў РАУС. Калі ён выйшаў папаліць, я ў яго спытала: «Тата, зашто?». Ён адказаў: «Лёлік, ты будзеш смяяцца. За падпал хаты Кацубы ў 2005 годзе».
Я не вытрымала, павярнулася да міліцыянта, які суправаджаў бацьку, і сказала: «Вы што дэбілы?». Справа даўно ўжо закрытая, падпальшчыкі даўно ўжо сядзяць!
Потым я даведалася, што ў той жа дзень забралі Аўтуховіча і Асіпенку. Тое, што забралі Асіпенку, гэта проста атас! Ён ужо год не працаваў у фірме, з бацькам і Аўтуховічам не меў стасункаў.
На наступны дзень я пайшла да Сяргея Кацубы – былога начальніка РАУС, хату якога падпалілі ў 2005 годзе, па-мойму, у дзень вяселля яго дачкі. Цяпер ён працуе дырэктарам Ваўкавыскай друкарні. Спытала, ці пісаў ён заяву ў дачыненні да майго бацькі ці Аўтуховіча? Ён сказаў, што ніякага дачынення да іх арыштаў не мае.
– Як вы думаеце, чаму вашага бацьку арыштавалі?
– Дакладных прычынаў не ведаю, але напэўна таму, што вельмі доўгі час працаваў з Аўтуховічам. Упэўненая, мой бацька нічога супрацьзаконнага зрабіць не мог. Перад тым як нешта распачаць, ён узважвае усе «за» і «супраць», прачытае безліч літаратуры.
Наколькі я ведаю, не было ў яго канфліктаў і з мясцовымі ўладамі. У палітыку ён лезці не хацеў – казаў, што і без таго хапае праблемаў.
– Аўтуховіч і ваш бацька былі сябрамі?
– Мне здаецца, паміж імі былі чыста працоўныя адносіны. Прынамсі, на маёй памяці Аўтуховіч ні разу не быў у нас дома ў гасцях. Але калі па працы ўзнікала нейкая праблема, Аўтуховіч адразу тэлефанаваў майму бацьку – «Юра, вырашай».
– Ці паведамляў вам бацька пра тое, калі можа скончыцца следства?
– Пра нейкія тэрміны цяжка меркаваць. Да яго ўжо тысячу разоў прыходзілі, казалі «Юра, давай, каліся». Бацька ім адказвае: чаго вы час цягніце, перадавайце справу ў суд! Яны апускаюць галовы і сыходзяць.
А зараз яшчэ пасля дадавання новай справы змяніўся следчы. Пакуль Віктар Клачко разбярэцца ва ўсіх паперах, пройдзе нямала часу.
– Ці размаўлялі вы з цяперашнім дырэктарам «Нікі-таксі» Людмілай Парэмскай пасля яе нядаўняга арышту і выхаду на волю?
– З ёй спрабаваў пагаварыць мой муж, але нічога не атрымалася: яна пазбягае ўсякіх кантактаў. Не ведаю я і дзе жонка Аўтуховіча Алена Іванаўна. Яе мабільны увесь час адключаны.
– На які зыход справы вы спадзяецеся?
– Спадзяюся, што бацьку ўсёткі выпусцяць. Але лічу, што ў нашай краіне правасуддзя няма і не будзе, пакуль не памяняецца ўлада. У Беларусі я заставацца не маю намеру. Гэтая краіна пакалечыла майго бацьку і сям'ю. Спадзяюся мы з бацькам з'едзем у Расею (Юры Лявонаў родам з Цвяры – С.).
«Я не вытрымаю, калі яго не пабачу!»
У значна горшым маральным стане знаходзіцца Лідзія Юльянаўна, 70-гадовая маці Мікалая Аўтуховіча. Арышт сына робіць яе яшчэ адной ахвярай сумніўных крымінальных справаў. У пачатку гутаркі яна з цяжкасцю падбірае словы, і праз некалькі хвілінаў становіцца зразумела чаму – каб не сарвацца на плач.
– Лідзія Юльянаўна, распавядзіце, калі ласка, крыху пра свайго сына.
– Коля нарадзіўся 7 студзеня 1963 года ў Ваўкавыску. Яго бацька, які ўжо памёр, працаваў кіроўцам. Я спачатку працавала на хлебазаводзе, а потым пасудамыйкай у школе, дзе вучыўся Коля. Была ўвесь час з ім, засцерагала.
Пасля сямі класаў ён паступіў у вучэльню ў Бераставіцы на курсы кіроўцаў – мабыць, хацеў пайсці па шляху бацькі. А потым на два гады з'ехаў служыць у Аўганістан. Аднойчы прыехаў адтуль у адпачынак, а праз некаторы час мне кажа: «Мама, я – шчаслівы. Машына, у якой я павінен быў ехаць, была знішчаная з ўсімі салдатамі».
Калі ён вярнуўся з Аўганістана пайшоў працаваць у вайсковую частку ў Ваўкавыску, а потым паціху стаў займацца бізнэсам. Ён добрай душы чалавек! Яго настаўнікі, з якімі я маю стасункі, дагэтуль успамінаюць пра яго толькі добрае і моцна за яго хвалююцца. Ён жа не хуліган, не бандзюга. Шмат каму дапамагаў, дзетдому ўвесь час падарункі рабіў. А зараз у цяжкую хвіліну наўрад ці яму хто дапаможа.
Там ведаюць, што не злачынец, але мучаць. Няўжо злачынец стаў бы галадаць? Тры месяцы прайшло, а яны ўсё цягнуць, хочуць яго ў магілу звесці (плача). Мала ім было, што з Аўганістана ледзь вярнуўся дадому жывым. Ён быў там, а яны там служылі?
Ці займаўся Мікалай палітыкай? Якая палітыка?! У яго было столькі працы! І ўдзень, і ўначы з людзьмі працаваў.
– Але ж ў 2004 годзе ён удзельнічаў у парламенцкіх выбарах.
– Можа народ яго тады і абраў. Але ўлада не дапусціла. Спытаеце на вуліцы: у Ваўкавыску ўсе людзі за яго!
– Якое было здароўе Мікалая пасля першай адсідкі?
– Пачуваўся ён дрэнна, хадзіў увесь час з ціскам. Калі да яго на працу не прыйду – галава ў яго баліць, увесь чырвоны сядзіць. А хто яго пасля гэтай галадоўкі на ногі ўзніме? Ён ад той галадоўкі яшчэ не адышоў, год усяго дома пабыў, і ізноў яго павезлі.
– Ці атрымліваеце вы нейкую інфармацыю ад Мікалая?
– Не, на спатканні з ім не была, лістоў ад яго не атрымлівала. З яго жонкай мы не маем стасункаў, таму не ведаю, ці пісаў ён ёй.
Я Мікалая кожны дзень чакаю. Выходжу з хаты і не ведаю куды ісці – толькі пра яго думаю. Можа прывязуць яго жывым? Як гэта магчыма – 3 месяцы не есці! Можа ён ужо размаўляць не можа?
Няўжо ў іх няма дзяцей? Усе пад Богам мы ходзім, за гэты здзек Бог іх пакарае!
Я не вытрымаю, калі яго не пабачу! Дапамажыце, выратуйце майго сына! (Плача).
Патрапіць на тэрыторыю фірмы «Ніка-таксі 22222» пабочнаму чалавеку сёння немагчыма
Дом Мікалая Аўтуховіча ўжо некалькі месяцаў стаіць пустым
Белыя “Мэрсэдэсы” з фірмы Мікалая Аўтуховіча даўно сталі адной з візітных картак Ваўкавыска
Юлія Міхнюк (злева) і яе сястра спадзяюцца на спрыяльны для іх бацькі зыход справы
Мікалай Аўтуховіч не загінуў у Аўганістане толькі па шчаслівым супадзенні
Лідзія Аўтуховіч кожны дзень чакае вяртання сына