Заіка: Расея наносіць па эканоміцы Беларусі кропкавыя ўдары
- 23.07.2009, 12:27
Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што паміж Расеяй і Беларуссю працягваецца геаэканамічная вайна.
На думку эксперта, Расея працягвае наносіць па эканоміцы Беларусі кропкавыя ўдары. «І два самыя адчувальныя удары – гэта мясныя і малочныя прадпрыемствы, якія ёсць ва ўсіх раёнах Беларусі. Гэты працяг геаэканамічнай вайны», - падкрэсліў Леанід Заіка.
«З дапамогай эканамічнага прымусу расейцы спрабуюць рэалізаваць абраную стратэгію... Расейскія інтэрасы палягаюць у прыватызацыі, у доступе да беларускай уласнасці», - перадае «Тэлеграф» са спасылкай на «Радыё Свабода» словы Леаніда Заікі.
21 ліпеня галоўнае ўпраўленне ветэрынарыі Мінсельгаспрада Беларусі прыпыніла пастаўкі ў Расею прадуктаў трох беларускіх прадпрыемстваў. Раней пра абмежаванне ўвозу беларускага мяса абвесціў Рассельгаснагляд у сувязі з выяўленнем ва ўзорах прадукцыі слядоў антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы.
Раней Расея ўводзіла санкцыі супраць беларускай малочнай прадукцыі. Практычна прыпыненая пастаўка ў суседнюю краіну беларускай сельгастэхнікі.