«Людзі ў цывільным» незаконна адбіраюць тавар у прадпрымальнікаў
- 24.07.2009, 12:57
Прадпрымальнікі вярталіся з гарадзенскага рынка. Толькі іх мікрааўтобус выехаў з горада, яго спынілі супрацоўнікі ДАІ, і адразу ж з'явіліся «людзі ў цывільным».
Пра тое, што адбылося сайту Regionby.org распавяла індывідуальны прадпрымальнік салігорскага рынка «Кастрычніцкі» Марыя Кавалёнак:
– Большасць з нас ездзілі на гарадзенскі рынак больш прыглядзецца, чым узяць тавар. Я наогул для продажу нічога не набыла. Купіла толькі два касцюмы для сябе, агульны іх кошт 120 000 рублёў. І яшчэ крыху адзеня для ўнучкі, розныя дробязі. Паколькі гэты тавар не на продаж, адрыўных талонаў і накладных у прадаўцоў не запатрабавала. Ды і няма ў ІП Гародні ніякіх накладных. Тавар экспартны, расейскі. Усе ІП пры рэалізацыі тавара з іншых краінаў фактычна працуюць без дакументаў, таму мы і плацім ПДВ, адзіны падатак. Перад продажам тавара індывідуальныя прадпрымальнікі павінны занесці яго колькасць у кнігу ўліку руху тавара. Гэтая кніга захоўваецца па месцы продажу. Такая схема агульнапрынятая, узаконеная. Толькі выехалі з Гародні, машыну спыніла ДАІ. Адразу ж з'явіліся людзі ў цывільным, спыталі: ці не ІП мы? Адказалі: ІП. Тады запатрабавалі дакументы на тавар, накладныя. Нашыя пярэчанні, што яны не патрэбныя, не слухалі. Як і тое, што шмат якія пакупкі для асабістых мэтаў. Нас прымусілі паехаць у ваўкавыскую падатковую інспекцыю. Там асабіста ў мяне гэтыя касцюмы канфіскавалі, але чамусьці ў пратаколе вопісу арыштаванай маёмасці іх кошт падвоіўся. На маё пытанне, навошта пазначылі большую суму – сталі крычаць.
– Яны нас усіх там называлі «злодзеямі», крычалі, што калі будзем на нешта не згодныя, дык выклічуць КДБ, – узгадваюць Марыя Рэхцік і Валянціна Брызгалава.
У адной з іх канфіскавалі рэчаў на 125 000 рублёў, у другой – на 1 520 000 рублёў. І ізноў-ткі, паводле іх словаў, кошт тавара ў вопісы арыштаванай маёмасці завысілі.
Зараз прадпрымальнікі наракаюць на несправядлівасць жыцця. Але ці спрабавалі яны падчас складання пратаколаў і вопісы іх маёмасці неяк заявіць пра свае правы? Па словах гэтых трох жанчынаў, ніхто не спрабаваў. А падаткавікі з Ваўкавыска, верагодна, палічылі залішнім нагадваць прадпрымальнікам пра іх правы.
– Нам тыкалі ў пратаколах, дзе подпісы паставіць, мы і ставілі, – уздыхае Марыя Кавалёнак. – Ніхто з нас пра адваката і не ўзгадаў. Ніхто не адважыўся нават па тэлефоне патэлефанаваць.
– Ва ўсіх нас было адно жаданне: як мага хутчэй вырвацца з падатковай інспекцыі. Такі ціск там быў, што ўсё роўна вінаватымі сябе адчувалі. І амаль 12 гадзінаў жа трымалі, – успамінае Марыя Рэхцік.
Пастаянныя абвінавачванні ў адрас прадпрымальнікаў, публічныя зняважлівыя знеслаўленні іх з высокіх трыбунаў, недавер насельніцтва да «гандляроў», які ўмела распальваецца чыноўнікамі – такая тактыка прыносіць свой плён. У падкорку прадпрымальнікам увайшло пачуццё віны. А такімі людзьмі кіраваць лёгка. Вось нават на суд у Ваўкавыску, дзе будзе разглядацца справа пра канфіскацыю ў іх тавара, прадпрымальнікі пагадзіліся не ехаць. Падпісалі адпаведную паперу.
Праўда, цяпер, пасля вяртання ў Салігорск, ужо шкадуюць пра гэта. І разважаюць, не ці падацца са скаргай у пракуратуру?