«Белсаюздрук» адмовіўся распаўсюджваць часопіс «ARCHE»
- 27.07.2009, 15:41
Сваю адмову распаўсюднік-манапаліст перыёдыкі матываваў тым, што для выдання проста не знайшлося свабоднага месца ў дзяржаўных кіёсках.
Рэдакцыя часопіса «ARCHE» атрымала ліст за подпісам дырэктара РУП «Белсаюздрук» Ігара Дудзіча, у якім паведамляецца, што сёння «адсутнічае магчымасць распаўсюду часопіса праз гандлёвую сетку з прычыны надзвычай высокай насычанасці перыядычнымі выданнямі, у тым ліку масава палітычнай і літаратурна-мастацкай тэматыкі», перадае газета «Наша Ніва».
У канцы чэрвеня рэдакцыя «ARCHE» разам з шэрагам незалежных выданняў атрымала ліст за подпісам старшыні грамадскага кардынацыйнага Савета ў сферы СМІ, рэдактара газеты адміністрацыі Лукашэнкі «Советская Белоруссия» Паўла Якубовіча.
У лісце паведамлялася, што па выніках паседжання 4 чэрвеня Савет «прыняў рашэнне рэкамендаваць кіраўніцтву гандлёвага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства вярнуцца да разгляду пытанняў, звязаных з распаўсюдам прадукцыі пазначанага сродку масавай інфармацыі». Рэдакцыя часопіса накіравала зварот кіраўніцтву «Белсаюздрука» з просьбай аднавіць распаўсюд выдання. Аднак і гэтым разам «ARCHE» адмовілі.
Нагадаем, што сёлета разглядалася крымінальная справа, якая была заведзеная ў дачыненні да часопіса «ARCHE» па заяве ўпраўлення КДБ Берасцейскай вобласці.
25 лютага 2009 г. суддзя Маскоўскага раёна Берасця Таццяна Міранюк прызнала «экстрэмісцкімі матэрыяламі, якія падлягаюць знішчэнню» 10 асобнікаў № 7–8 часопіса «ARCHE». Тым самым суддзя задаволіла заяву УКДБ. 7 траўня касацыйная інстанцыя — судовая калегія па грамадзянскіх справах Берасцейскага абласнога суда— вярнула справу на перагляд.
У дваццатых лічбах чэрвеня прадстаўнікі берасцейскіх спецслужбаў нечакана знялі свае патрабаванні аб прызнанні № 7–8 часопіса «ARCHE-Пачатак» экстрэмісцкім.
Нагадаем, што нумар часопіса, які выклікаў незадаволенасць КДБ, быў прысвечаны «парламенцкім выбарам» 2008 года.