Рэдактара часопіса Саюза палякаў Беларусі выклікаюць у пракуратуру
- 28.07.2009, 9:05
Галоўны рэдактар часопіса «Магазын польскі ў выгнанні» Ігар Банцар атрымаў позву з пракуратуры Гарадзенскай вобласці, паводле якой павінен будзе даць тлумачэнні намесніку пракурора.
Ігар Банцар не выключае, што падставай для выкліку ў пракуратуру стаў травеньскі нумар часопіса «Магазын польскі ў выгнанні», які ўтрымлівае шэраг крытычных матэрыялаў пра Аляксандру Лукашэнку і меры камітэта дзяржаўнай бяспекі супраць незалежных журналістаў. Да таго ж, на вокладцы выдання змешчаны калаж з малюнкам Лукашэнкі ў выглядзе расейскага цара Аляксандра ІІІ. Пра гэта незалежны журналіст паведаміў «Радыё Рацыя»:
-Для мяне відавочна, што адзінай падставай для наведвання пракуратуры з'яўляецца канфіскацыя часопіса, галоўным рэдактарам якога я з'яўляюся. На маё пытанне адносна прычыны выкліку супрацоўнік пракуратуры Караваеў адказваць адмовіўся, а што датычыць мяне, дык іншай падставы я не бачу.
У канцы чэрвеня бягучага года супрацоўнікі праваахоўных органаў канфіскавалі больш за 70 асобнікаў часопіса «Магазын польскі ў выгнанні» у актывістаў неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Борыс, якія накіроўваліся на сустрэчу са сваімі прыхільнікамі ў Івянец. Паводле супрацоўнікаў міліцыі, часопісы былі дасланыя на спецыяльную экспертызу, вынікам якой відавочна і стаў выклік Ігара Банцара ў пракуратуру. Згодна з позвай, дзяржаўную ўстанову журналіст павінен наведаць 29 ліпеня.