BE RU EN

Пракуратура вынесла папярэджанне рэдактару часопіса Саюза палякаў

  • 29.07.2009, 12:02

Пракуратура Гарадзенскай вобласці палічыла, што часопіс «Magazyn Polski na uchodz'stwie» парушае беларускае заканадаўства.

Як паведаміў «Радыё Рацыя» рэдактар выдання Ігар Банцар, падставай для вынясення папярэджання стала яго прафесійная дзейнасць і той факт, што часопіс непрызнанага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Борыс не прытрымваецца выходных звестак, якіх патрабуе беларускае заканадаўства:

«Ужо 5 гадоў «Magazyn Polski na uchodz'stwie» («Часопіс Польскі ў выгнанні») выдаецца ў такім фармаце, і толькі зараз упершыню папярэдзілі галоўнага рэдактара нібыта за неадпаведнасць Закону аб друку. Я адназначна разглядаю сітуацыю, якая склалася, ў кантэксце зместу травеньскага нумара», -- кажа Ігар Банцар.

У канцы чэрвеня супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі прыкладна 70 асобнікаў часопіса «Magazyn Polski na uchodz'stwie», на вокладцы якога быў размешчаны калаж з малюнкам Аляксандра Лукашэнкі ў выглядзе расейскага цара Аляксандра ІІІ. Акрамя таго, у гэтым нумары часопіса быў надрукаваны крытычны артыкул Анджэя Пісальніка пад загалоўкам «Коля павінен стаць прэзідэнтам».

Апошнія навіны