Дэвальвацыя беларускага рубля можа адбыцца ў жніўні
- 29.07.2009, 15:20
Супрацоўнікі банкаў заяўляюць, што ўлады зацікаўленыя ў разавай дэвальвацыі для эканоміі ЗВР.
Прычына забароны валютных крэдытаў палягае ў плоскасці стану золатавалютных рэзерваў, прычым больш за ўсіх рашэнне закранае банкі. Бо, па сутнасці, банкі прымаюць валютныя рызыкі пасля таго, як Нацбанк прыбраў іх з плеч грамадзянаў. Такі пункт гледжання выказаў у каментары агенцтву ПРАЙМ-ТАСС аналітык аднаго з прысутных у Беларусі замежных банкаў.
«Кошт гэтай рызыкі - розніца паміж адсоткавай стаўкай у валюце і ў рублях. Адначасова банкам у нейкай меры перастаюць быць выгадныя валютныя дэпазіты, якія вельмі папулярныя ў насельніцтва», - лічыць аналітык.
Разам з тым эксперт адзначае, што забаронамі крэдытаў, імпарту спажывецкіх тавараў праблему адмоўнага знешнегандлёвага сальда і «праядання» рэзерваў вырашыць немагчыма.
«Дэвальвацыя беларускага рубля непазбежная, а разавая яна будзе ці «паўзучая» - не так істотна. Хоць разавая была б больш пераважнай з пункту гледжання эканоміі золатавалютных рэзерваў дзяржавы. Лагічна было б правесці дэвальвацыю ўжо ў жніўні, які славіцца сваімі «чорнымі» панядзелкамі і аўторкамі», - лічыць суразмоўца ПРАЙМ-ТАСС.
Адказваючы на пытанне, як зменяцца стаўкі па крэдытах у беларускіх рублях пасля ўвядзення забароны, ён сказаў: «Ёсць ільготныя крэдыты, стаўкі па якіх не зменяцца ў кароткатэрміновай перспектыве. А для тых, хто хоча ўзяць крэдыт на агульных падставах, стаўкі павінны вырасці не менш чым на пяць адсоткавых пунктаў. Хаця гэта можа быць і не сама адсоткавая стаўка, а розныя камісіі, якія банкі спаганяюць яшчэ да таго, як крэдыт атрыманы».
Нагадаем, з 29 ліпеня 2009 года да 1 студзеня 2011 года банкам і небанкаўскім крэдытна-фінансавым арганізацыям Беларусі забаронена выдаваць фізічным асобам крэдыты ў замежнай валюце. Забарона распаўсюджваецца на часткі (траншы) крэдытаў пры авердрафтным крэдытаванні і часткі крэдытаў пры крэдытаванні па крэдытных лініях па раней заключаных крэдытных дамовах. Абмежаванні пры авердрафтным крэдытаванні ўступяць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання пастановы.
Свае дзеянні Нацбанк патлумачыў узятым у пачатку года курсам на дэдаларызацию эканомікі і неабходнасцю зніжаць валютныя рызыкі. «Гэта будзе спрыяць абароне і забеспячэнню ўстойлівасці беларускага рубля, у тым ліку яго пакупніцкай здольнасці і курсу ў адносінах да замежных валютаў, а таксама ўзмацненню даверу да нацыянальнай валюты», — кажацца ў афіцыйным паведамленні Нацбанка.