BE RU EN

Мікалая Аўтуховіча ўжо могуць перавесці ў агульную камеру СІЗА

  • 29.07.2009, 16:16

Пра гэта паведаміла загадчыца медыцынскай часткай менскага следчага ізалятара №1 Ала Міхеева.

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» урач СІЗА на Валадарскага распавяла пра тое, як адчувае сябе палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які два тыдні таму выйшаў з працяглай галадоўкі:

«Адчувае ён сябе ўсё лепш. За апошні тыдзень набраў 3 кілаграмы, ужо пачаў есці турэмныя кашы. Сёння возьмем у яго аналізы і будзем вырашаць, ці можна яго пераводзіць у агульную камеру», - сказала Ала Міхеева.

Нагадаем, што Мікалай Аўтуховіч галадаў у знак пратэсту тры месяцы -- з 16 красавіка па 16 ліпеня. За час галадоўкі ён страціў больш за 35 кілаграмаў вагі.

Прадпрымальнікі з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. 18 лютага ім прад'явілі абвінавачванне па арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). Усе трое знаходзяцца ў СІЗА № 1 Менска.

17 ліпеня МУС Беларусі распаўсюдзіла заяву, у якой паведамляецца, што «23 чэрвеня 2009 года галоўным следчым упраўленнем папярэдняга расследавання МУС Рэспублікі Беларусь у дачыненні да Аўтуховіча М.М. і іншых асобаў узбуджаная крымінальная справа па арт. 359 КК Рэспублікі Беларусь (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13 КК Беларусі)».

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Апошнія навіны