Беларускім уладам нагадалі пра палітвязняў у турмах (Фота)
- 30.07.2009, 12:04
Акцыя салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімірам Асіпенкам і Арцёмам Дубскім прайшла ў сераду ў беларускай сталіцы.
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правялі акцыю каля станцыі метро «Каменная горка», перадае f-fight.org.
Моладзевыя актывісты трымалі ў руках расцяжку «Свабоду палітвязням!» Моладзевыя актывісты заклікалі беларускія ўлады спыніць пераслед актывістаў апазіцыі. Акцыя працягвалася 15 хвілінаў, пасля чаго маладыя людзі разыйшліся.
Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка больш за пяць месяцаў знаходзяцца ў СІЗА №1 ГУУС Менгарвыканкама. Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.
Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці».
«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.
За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.