Хілары Клінтан выступае за дэмакратычныя рэформы ў Беларусі
- 30.07.2009, 14:04
Сітуацыю ў Беларусі дзяржаўны сакратар ЗША абмяркоўвала з міністрам замежных справаў Славеніі, старшынём Камітэта міністраў Савета Еўропы Самуэлем Жбогарам.
Пра гэта паведамляюць славенскія СМІ у матэрыялах пра візіт ў ЗША кіраўніка МЗС Славеніі.
Паводле інфармацыі агенцтва STA, падчас учорашняй сустрэчы Самуэля Жбогара з дзяржсакратаром ЗША Хілары Клінтан размова ішла ў асноўным пра заходнебалканскія пытанні, у тым ліку пра памежную спрэчку паміж Славеніяй і Харватыяй, якая ўзнікла з-за ўступлення Славеніі ў Еўразвяз. Аднак пры гэтым бакі абмеркавалі і іншыя тэмы міжнароднай палітыкі, у тым ліку і беларускую сітуацыю, перадае «Радыё Свабода».
Як паведаміў журналістам міністр Жбогар, «дзяржсакратар пагадзілася з пазіцыяй Любляны адносна неабходнасці падтрымкі дэмакратычных працэсаў у Беларусі».
У сваіх апошніх публічных выступах Самуэль Жбогар неаднаразова выказваўся за вяртанне Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, аднак пры выкананні афіцыйным Менскам асноўных стандартаў у галіне правоў чалавека.
Падчас візіту ў Беларусь 8 чэрвеня кіраўнік МЗС Славеніі заявіў, што адна з умоваў вяртання Беларусі статусу спецзапрошанага ў ПАРЕ - гэта «вызваленне новых палітвязняў».
На прэс-канферэнцыі ў Менску, адказваючы на пытанне, ці абмяркоўвалася з беларускімі ўладамі сітуацыя вакол вызвалення палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, Жбогар выказаў надзею, што ў хуткім часе гэтая праблема будзе вырашаная, і «новыя палітвязні будуць вызваленыя».
Міністр замежных справаў Славеніі таксама адзначаў, што адна з умоваў вяртання Беларусі ў ПАРЕ – гэта ўдзел у працы Парламенцкай Асамблеі беларускай апазіцыі.