Генпракуратуру і суды папярэдзілі пра адказнасць за «палітычныя» прысуды
- 30.07.2009, 16:27
Арганізацыя «Малады Фронт» накіравала заявы ў шэраг дзяржаўных органаў з патрабаваннем звярнуць увагу на сітуацыю з палітвязнем Арцёмам Дубскім.
У межах кампаніі «Свабоду Дубскаму» моладзевая арганізацыя «Малады фронт» накіравала свае заявы ў Вярхоўны суд, Канстытуцыйны суд, «палату прадстаўнікоў», «савет рэспублікі» і Савет міністраў, а таксама генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу.
У зваротах паведамляецца пра арышт актывіста «Маладога фронту», удзельніка «Працэсу 14-ці» Арцёма Дубскага.
«Сітуацыя з Арцёмам Дубскім выкрывае праблемы беларускага грамадства, пагаршае міжнародны аўтарытэт Беларусі, -- кажацца ў звароце. -- Сам факт існавання людзей, якія за свае палітычныя погляды сядзяць у турме, сведчыць пра ігнараванне беларускім рэжымам агульнапрызнаных стандартаў у сферы правоў чалавека».
Нагадаем, што 7 ліпеня Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці».
«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.
За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.