СМІ: Лукашэнка можа «падставіць» Крэмль на саміце АДКБ
- 31.07.2009, 9:36
Планы Масквы па ўмацаванні ваеннага складніку Арганізацыі дагавору аб калектыўнай бяспецы апынуліся пад пагрозай зрыву.
Як піша газета «Коммерсант», на нефармальным саміце АДКБ, які адкрываецца сёння ў Чалпон-Аце, прэзідэнт РФ Дзмітры Мядзведзеў разлічвае атрымаць подпіс Аляксандра Лукашэнкі пад пагадненнем аб фармаванні калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ, а таксама падпісаць дакументы аб ўтварэнні ў Кыргызтане ваеннай базы КСАР. Аднак, як стала вядома выданню, Менск і Бішкек пакуль не маюць намеру ісці насустрач настойлівым патрабаванням Масквы.
Напярэдадні саміту Масква, якая імкнецца ператварыць АДКБ у аналог НАТА, пачала фарсіраваць ваеннае будаўніцтва ў межах арганізацыі.
У сераду ў Алма-Аце з ініцыятывы Расеі пачаліся штабныя перамовы па правядзенні першых у гісторыі калектыўных вучэнняў КСАР. Як паведаміў першы намеснік начальніка аб'яднанага штаба АДКБ Алег Латыпаў, вучэнні пройдуць з 19 жніўня па 24 кастрычніка на казахскім палігоне Матыбулак. У іх прымуць удзел больш за 6 тыс. салдатаў, бранетанкавая тэхніка і франтавая авіяцыя. Назіраць за актыўнай фазай вучэнняў, якая намечаная на 14 кастрычніка, будуць кіраўнікі краінаў-чальцоў АДКБ.
Больш за тое, Расея плануе стварыць першую ваенную базу ў Цэнтральнай Азіі пад эгідай КСАР. Інфармацыю пра гэта, якая з'явілася ў пачатку ліпеня пасля візіту ў Бішкек віцэ-прэм'ера РФ Ігара Сечына і кіраўніка Мінабароны Анатоля Сердзюкова, у сераду пацвердзіў памочнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька.
Аднак падчас падрыхтоўкі да саміту ў Чалпон-Ате на шляху рэалізацыі гэтых планаў узніклі сур'ёзныя перашкоды. Галоўнай з іх з'яўляецца пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі, які з-за распачатай у чэрвені малочнай вайны з Расеяй не прыехаў у Маскву на саміт АДКБ і не падпісаў пагадненне аб стварэнні КСАР. Менск не прыняў пасаду старшыні АДКБ, якая пераходзіла да яго (тэхнічнае старшынства ўзяла на сябе РФ) і нават абвесціў рашэнні маскоўскага саміту «нелегітымнымі», што паставіла пад пагрозу фармаванне сілаў.
Як прызнаў у чацвер генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардюжа, для поўнага афармлення КСАР арганізацыі ў першую чаргу трэба будзе вырашыць праблемы, звязаныя з падпісаннем і ратыфікацыяй пагаднення аб іх стварэнні.
Надзея на вырашэнне беларускай праблемы была з'явілася ў пачатку тыдня, калі Менск абвесціў, што Аляксандр Лукашэнка мае намер наведаць саміт у Чалпон-Аце.
Аднак Менск заявіў, што прыезд Лукашэнкі на саміт у Бішкек не азначае, што ён абавязкова падпіша дакументы, прынятыя ўсімі ўдзельнікамі АДКБ на маскоўскім саміце. «Беларусь як суверэнная незалежная дзяржава сама будзе вызначаць, якія менавіта дакументы АДКБ і ў якія тэрміны падпісваць», — заявіў у чацвер памочнік Лукашэнкі Валянцін Рыбакоў.
Паказальна і тое, што беларускія вайскоўцы не прынялі ўдзелу ў абмеркаванні вучэнняў КСАР у Алма-Аце, піша «Коммерсант».
Неафіцыйна крыніца газеты ў МЗС Беларусі паведаміла, што «да канчатковага вырашэння ўсіх пытанняў у двухбаковых адносінах з Расеяй падпісанне якіх-небудзь дакументаў у межах АДКБ будзе заўчасным».
Паводле інфармацыі газеты, з сур'ёзнымі праблемамі сутыкнуліся і планы Масквы ў дачыненні да Кыргызтана — незадоўга да саміту Бішкек пачаў зацягваць падпісанне пакета дакументаў па базе, які Расея разлічвала падпісаць ужо падчас цяперашняга візіту прэзідэнта Мядзведзева. Высокапастаўленая крыніца ў Мінабароны Кыргызтана паведаміла «Коммерсанту», што кіраўніцтва краіны паставіла задачу толькі прапрацаваць пытанне, але ніякага рашэння яшчэ не прынята.
Другая праблема, па словах крыніцы, заключаецца ў тым, што Масква разлічвае атрымаць пад базу інфраструктуру адной з дзейсных вайсковых частак бліжэй да горада Ош, а пазіцыя Бішкека зводзіцца да таго, каб база КСАР узводзілася на расейскія грошы з нуля ў цалкам новым месцы. Урэшце, кыргызскаму кіраўніцтву не падабаецца і прапанаваны Расеяй тэрмін дзеяння пагаднення па базе — 49 гадоў з аўтаматычным працягненнем кожныя 25 гадоў.
У стварэння базы РФ у Кыргызтане ёсць яшчэ адзін уплывовы супернік - прэзідэнт Узбекістана Іслам Карымаў, які не хавае негатыўнага стаўлення да гэтай ідэі і які таксама, дарэчы, не падпісаў пагадненні па КСАР, піша «Коммерсант».
Такім чынам, саміт у Чалпон-Ате сапраўды можа стаць для АДКБ межавым, але зусім не ў тым сэнсе, на які разлічвала Расея. Калі схіліць Менск, Бішкек і Ташкент да саступак не атрымаецца, дык планы Масквы па стварэнні КСАР апынуцца пад пагрозай. Няўдача саміту можа паставіць крыж і на больш амбіцыйных праектах кшталту стварэння маштабнай групоўкі войскаў у Цэнтральнай Азіі, што можа канчаткова зачыніць дарогу АДКБ да ператварэння ў анты-НАТА, робіць выснову «Коммерсант».