Затрыманыя ўдзельнікі акцыі памяці журналіста Зміцера Завадскага
- 8.07.2009, 9:18
Затрыманых удзельнікаў мірнай акцыі некалькі гадзін пратрымалі ў аддзяленні міліцыі, пасля чаго ў іх былі забраныя друкаваныя выданні.
Праваабаронца Раман Кісляк і актывіст «Маладога фронту» Андрэя Шарэнда былі затрыманыя ў 17.40 недалёка ад будынка Адміністрацыі Маскоўскага раёна, дзе ў 17.15 яны пачалі распаўсюджваць выданне, прысвечанае Міжнароднай канвенцыі аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў, паведамляе БелаПАН.
Спачатку актывістаў дэмсіл даставілі ў будынак адміністрацыі, пасля ў Маскоўскае РАУС, дзе ўзялі тлумачэнні, забралі 59 асобнікаў друкаванага выдання і ў 20.00 адпусцілі.
«Мы маем намер абскардзіць гэтае неправамернае затрыманне, — заявіў праваабаронца, — тым больш што праведзеныя праверкі па двух аналагічных інцыдэнтах у Брэсце 11 і 16 чэрвеня ўсталявалі, што ў дзеяннях актывістаў дэмсіл няма складу адміністрацыйнага правапарушэння».
«Супрацоўнікі міліцыі перашкаджаюць нам у распаўсюджванні інфармацыі. Мы паспелі раздаць мінакам усяго 21 асобнік выдання», — адзначыў Кісляк.
7 ліпеня 2000 года аператар тэлеканала ОРТ Зміцер Завадскі знік пры нявысветленых акалічнасцях па дарозе ў аэрапорт «Мінск-2».
Выкраданне Зміцера Завадскага афіцыйна лічыцца раскрытым. Вінаватымі ў ім былі прызнаныя афіцэры спецпадпаддзялення МУС «Алмаз» Валер Ігнатовіч і Максім Малік (прысуджаныя да пажыццёвага зняволення), былы курсант Акадэміі МУС Аляксей Гуз (прысуджаны да 25 год пазбаўлення волі), а таксама раней тройчы судзімы грамадзянін Сяргей Савушкін (прысуджаны да 12 год пазбаўлення волі).
Усе прысуды былі вынесеныя судом у закрытым парадку. Ніякіх доказаў дачынення асуджаных да выкрадання Зміцера Завадскага грамадскасці прадстаўлена не было. Ні адзін з іх сваёй віны не прызнаў. Цела зніклага журналіста следствам знойдзенае не было.