BE RU EN

«Белая Русь» зарабляе на сваіх сябрах больш за мільён даляраў на год

  • 9.07.2009, 13:10

У праўрадавую арганізацыю ўжо ўступіла 84,5 тысячы чалавек і кожны з іх плаціць унёскі — адсоткі ад заробку.

Як распавёў прэс-сакратар арганізацыі Юрый Смірноў, на сённяшні дзень у «Белую Русь» уступілі 84,5 тысячы чалавек. Памер унёскаў прапісаны ў статуце і не можа быць меншым за 0,3 адсотка ад заробку або стыпендыі. Калі жа чалавек мае прыбытак з некалькіх крыніц, то ўнёсак будзе разлічвацца з сукупнага прыбытку. Усе сродкі ідуць на выкананне статутных мэт - гэта таксама і заробак супрацоўнікам арганізацыі, паведамляе «Еўрарадыё».

У «Белую Русь» уваходзяць як працоўныя, так і чыноўнікі, міністры, дэпутаты.

У мінулай «палаце прадстаўнікоў» каля 40 «дэпутатаў» былі ў «Белай Русі». Сёння - палова.

«Зараз там каля паловы. У іх там свая першасная арганізацыя. У яе ўваходзіць прыкладна 53 «дэпутаты», -- кажа Юрый Смірноў

Заробак «дэпутата» больш за 3 мільёны рублёў. Штогод толькі «пяршоўка» у «палаце прадстаўнікоў» прыносіць у арганізацыю каля 6 мільёнаў рублёў.

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэдні заробак беларусаў у маі склала 979 тысяч рублёў. Дзелім на сто, памнажаем на 0,3 і на колькасць сябраў арганізацыі - атрымліваем, што ў сярэднім кожны сябар «Белай Русі» плаціць каля трох тысяч рублёў унёскаў на месяц. А гэта штомесяц выходзіць 248,5 мільёнаў. За год жа набегае больш за мільён даляраў.

Нядаўна пазбавіўся працы супрацоўнік кобрынскага ЖКГ, сябар партыі БНФ Аляксандр Страчук. Прычынай звальнення ён лічыць тое, што не пайшоў у «Белую Русь» і адмовіўся плаціць унёскі.

«Кіраўнік аддзела на днях прапанавала ўступіць у «Белую Русь», напісаць дзве заявы: адну на ўступленне, другую аб пераліку ўнёскаў праз бухгалтэрыю. Маладыя, хто нядаўна прыйшоў, хлопцы і дзяўчыны, уступілі - так яны застаюцца. А мяне вось звальняюць», -- заяўляе Аляксандр Страчук.

Апошнія навіны