BE RU EN

Аляксандр Камароўскі: «Па справе Аўтуховіча будуць шукаць ліпавых сведак»

  • 10.08.2009, 12:34

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні руху ветэранаў вайны ў Аўганістане называе тое, што адбываецца ў справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, «падкопамі спецслужбаў».

«Гэта падкопы спецслужбаў. Нешта каламуцяць, будуць нешта прыдумляць. Шэсць месяцаў людзей мучылі ў турме - за гэта ж таксама крымінальная адказнасць прадугледжаная. Іх усіх траіх павінны альбо былі разам адпусціць, або перадаць справу ў суд. Думаю, будуць і далей вышукваць бруд, шукаць ліпавых сведак», - заявіў Аляксандр Камароўскі ў інтэрв'ю «Беларускаму партызану».

8 жніўня адзін з трох ваўкавыскіх прадпрымальнікаў - Юры Лявонаў выпушчаны на волю. Невядома, на якіх умовах - пакуль Юры Лявонаў пазбягае кантакту з журналістамі. Расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Уладзіміра Асіпенкі падоўжанае на два месяцы, а ў дачыненні да Мікалая Аўтуховіча пакуль няма дакладнай інфармацыі.

Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага. 18 лютага прадпрымальнікам было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13). Затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА № 1 Менска.

Тры месяца, з 16 красавіка па 16 ліпеня Аўтуховіч праводзіў галадоўку, патрабуючы ў найкарацейшыя тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Апошнія навіны