BE RU EN

У Берасці прайшла акцыя з патрабаваннем адмены смяротнага пакарання (Фота)

  • 11.08.2009, 9:52

Моладзевыя актывісты выступаюць супраць смяротных прысудаў, якія ў апошні час усё часцей выносяцца ў Беларусі.

Акцыя, прысвечаная адмене смяротнага пакарання, прайшла ў Берасці 10 жніўня. У 18:00 на вуліцы Савецкай актывісты арганізацыі «Малады Фронт» распаўсюджвалі ўлёткі міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnisty International супраць ужывання ў Беларусі смяротнага пакарання, паведамляе «Радыё Рацыя».

Як адзначае адзін з удзельнікаў акцыі Міхась Іллін, правакацыяў і затрыманняў з боку ўладаў не было, акцыя доўжылася 20 хвілінаў.

Нагадаем, што за апошнія два месяцы ў Беларусі былі вынесеныя два смяротныя прысуды. У канцы ліпеня суд Менскай вобласці прысудзіў забойцаў двух супрацоўнікаў СВК «Бальшавік-Агра» Менскай вобласці да смяротнага пакарання і пажыццёвага зняволення.

Месяцам раней суд прысудзіў да смяротнага пакарання і пажыццёвага зняволення двух жыхароў Беларусі за забойствы 6 пенсіянерак у Драгічынскім раёне. Адвакаты падалі касацыйную скаргу на гэты прысуд.

Прысуд быў вынесены менш чым праз тыдзень пасля таго, як Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы паставіла мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці умовы вяртання беларускаму «парламенту» статусу спецыяльнага запрошанага ў ПАРЕ.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» і Беларускі Хельсінкскі Камітэт жорстка асудзілі смяротныя прысуды, вынесеныя ў Беларусі.

Апошнія навіны