BE RU EN

Эксперты: Спыненне і банкруцтва прадпрыемстваў не за гарамі

  • 12.08.2009, 11:38

Дырэктарам заводаў забаронена танна прадаваць прадукцыю, адпраўляць яе на склад і скарачаць вытворчасць.

Хаця на складах у пераважнай большасці беларускіх прадпрыемстваў ужо не змяшчаецца колькасць вырабленай, але не рэалізаванай прадукцыі, аб'ёмы і тэмпы вытворчасці на іх не змяншаюцца, паведамляе «Еўрарадыё».

Вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў сцвярджае, што да гэтага дырэктараў прымушаюць міністры і загадзя складзеныя планы па аб'ёмах выпуску. І пакаранне за невыкананне запланаваных паказчыкаў, кажа эканаміст, можа быць нават больш жорсткім, чым за затавараныя склады.

«Разгрузіць склады можна, калі прадаваць танна, -- заяўляе эксперт. -- Але танна прадаваць забаронена. Можна разгрузіць, калі прыпыніць вытворчасць. Але прыпыняць вытворчасць таксама забаронена. Што рабіць дырэктарам? Танна прадаваць нельга, прыпыняць вытворчасць нельга і адпраўляць на склад нельга, паколькі яны і без таго забітыя. І паказчыкі зніжаць нельга. Яны загнаныя ў кут, з якога выйсця няма. І таму паводзяць сябе так: за што менш пакараюць — тое і робяць».

Такая эканамічная палітыка, па словах Леаніда Злотнікава, прывядзе да поўнага спынення і банкруцтва прадпрыемстваў.

«Скончыцца тым, што на склад пойдзе ўся тая валюта, якая ёсць у краіне, -- кажа эксперт. -- І валюты больш не будзе, каб закупіць новую сыравіну, запчасткі і гэтак далей. Гэта прывядзе да зніжэння аб'ёмаў вытворчасці і да спынення прадпрыемстваў, у выніку».

На думку эканаміста Аляксандра Чубрыка, беларускі ўрад не здольны пайсці на скарачэнне вытворчасці толькі з тае прычыны, што гэта патрабуе зменаў, да якіх нашыя чыноўнікі не падрыхтаваныя. Менавіта таму быў абраны шлях усімі магчымымі спосабамі разгрузіць склады. І захаваць вытворчасць у ранейшых аб'ёмах.

«Каб істотна скараціць вытворчасць — гэта патрабуе нейкіх мераў па аптымізацыі колькасці занятых, структуры вытворчасці, -- лічыць Чубрык. -- Патрабуе нейкіх зменаў у эканамічнай палітыцы. І ўрад сёння больш накіраваны на тое, каб скараціць запасы. Хаця адначасова захаваць вытворчасць і скараціць запасы, відавочна, немагчыма».

Апошнія навіны