BE RU EN

Над Віцебскам луналі бел-чырвона-белыя сцягі

  • 12.08.2009, 12:38

Увечары 11 жніўня невядомыя вывесілі нацыянальны сцяг на мосце імя Кірава ў Віцебску.

Праз паўгадзіны бел-чырвона-белы сцяг яшчэ большага памеру з'явіўся на мосце імя Блахіна, паведамляе «Радыё Свабода».

Абодва сцягі былі добра бачныя з цэнтра горада. Той, які быў замацаваны знізу да канструкцыі Кіраўскага маста, добра праглядаўся з Плошчы тысячагоддзя Віцебску. А мінакі, якія шпацыравалі па беразе Заходняй Дзвіны побач з Плошчай Перамогі, маглі бачыць іншы сцяг -- на мосце Блахіна.

Пасажыры перапоўненых трамваяў з цікавасцю глядзелі ў вокны, а некаторыя кіроўцы нават сігналілі, убачыўшы нацыянальны сімвал.

Праз нейкі час сцягі заўважылі і знялі супрацоўнікі міліцыі. Але затрымаць тых, хто іх вывесіў, у іх не атрымалася.

Нагадаем, што ў мінулы раз, 16 ліпеня ў Дзень салідарнасці, супрацоўнікі міліцыі Чыгуначнага райаддзела затрымалі актывіста «Маладой Беларусі» Тараса Сургана, які збіраўся, але так і не паспеў вывесіць сцяг на мосце Блахіна ў Віцебску. Яго дзеянні кваліфікавалі як несанкцыянаваны пікет. Учора суд Чыгуначнага раёна аштрафаваў Сургана на 175 тысячаў беларускіх рублёў.

Апошнія навіны