Папраўкі ў Выбарчы кодэкс распрацоўваюцца ў сакрэтным рэжыме
- 12.08.2009, 15:03
Беларускае грамадства не ведае, якія змены ўлады рыхтуюць у Выбарчы кодэкс.
Беларускія ўлады заявілі пра намер унесці некаторыя змены у Выбарчы кодэкс. Адпаведныя прапановыя распрацоўваюцца Цэнтрам заканатворчай дзейнасці і прававых даследаванняў. Як паведаміла днямі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, мяркуецца, што дакумент будзе разгледжаны гэтай восенню на сесіі «палаты прадстаўнікоў».
Ярмошына адзначыла, што пасля «парламенцкіх выбараў» 2008 года паміж АБСЕ і Беларуссю было дасягнутае пагадненне аб сумеснай ацэнцы беларускага выбарчага заканадаўства і выпрацоўцы прапановаў па яго змене. Пры гэтым яна дадала, што для беларускага боку галоўнае, каб «у першы ж час папраўкі не выклікалі крытыку з боку гэтай арганізацыі. Бо навошта змяняць закон, калі пры правядзенні чарговай выбарчай кампаніі прыедуць эксперты ці назіральнікі ад АБСЕ і зноў раскрытыкуюць яго».
Хаця ў той жа час Ярмошына лічыць, што для змены выбарчага заканадаўства «меркаванне АБСЕ не патрабуецца».
Яшчэ на пачатку бягучага года ў краіне была створана камісія, якую ўзначаліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч. Гэтая структура і займалася спробай вывесці беларускі выбарчы закон з-пад крытыкі еўрапейскіх структураў.
Якія канкрэтна змены ў выбарчае заканадаўства будуць унесеныя — пакуль невядома. Распрацоўшчыкі зрабілі з гэтага таямніцу і спасылаюцца на тое, што не ўсе зацікаўленыя суб'екты яшчэ ўнеслі свае прапановы ў будучы законапраект. Здавалася б, аднымі з самых зацікаўленых суб'ектаў у гэтым пытанні з'яўляюцца палітычныя партыі. Аднак іх да абмеркавання прапановаў па змене выбарчага заканадаўства пакуль увогуле не запрасілі.
«Распрацоўка гэтых зменаў праходзіць у сакрэтным рэжыме, — паведаміў «Народнай Волі» юрыст, сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер. — Прынамсі, прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партыяў проста не ведаюць, якія змены рыхтуюцца. Уся бяда ў тым, што распрацоўшчыкі з самага пачатку былі супраць таго, каб у абмеркаванні новаўвядзенняў удзельнічалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. І таму няма веры ў тое, што змены ў выбарчае заканадаўства будуць сапраўднымі, а не касметычнымі. Сённяшняя беларуская ўлада папросту не гатовая да адкрытай палітычнай канкурэнцыі. Як вядома, АБСЕ накіравала беларускім уладам спіс з сямі пунктаў, якія датычацца зменаў у выбарчым заканадаўстве. Сярод іх роўныя ўмовы для кандыдатаў, прадстаўніцтва апазіцыянераў у выбарчыя камісіі, адкрыты падлік галасоў... Ці прадугледжваецца ўсё гэта папраўкамі, сказаць не магу.
Пэўныя спадзяванні ёсць толькі на АБСЕ, якая задэкларавала празрыстасць абмеркавання паправак, што будуць унесены беларускімі ўладамі. Але бяда ў тым, што нічога канкрэтнага, наколькі я ведаю, афіцыйны Мінск і ў АБСЕ пакуль не прадаставіў.
Асабіста я не веру ў сапраўдныя змены ў нашым выбарчым заканадаўстве, якія былі б скіраваныя ў бок яго дэмакратызацыі».
Нагадаем, што Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ у дакладзе па выніках «парламенцкіх выбараў», якія прайшлі ў Беларусі ўвосень 2008 года, заявіла, што «выбары» не адпавядалі стандартам АБСЕ.
Падчас «парламенцкіх выбараў» ніводзін з прадстаўнікоў апазіцыі ў новы склад «палаты прадстаўнікоў» не прайшоў.
У прыватнасці, лічаць прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ, выбарчае заканадаўства Беларусі не дае магчымасці для «сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і роўнага стаўлення да кандыдатаў з боку ўладаў». Эксперты адзначаюць, што Выбарчы кодэкс Беларусі «не забяспечвае празрыстага механізму захаванасці скрыняў з бюлетэнямі пасля пачатку датэрміновага галасавання, а таксама механізму абароны самога бюлетэня».
На думку экспертаў місіі, усё гэта «стварае магчымасці для фальсіфікацыяў».
Усе выбарчыя кампаніі, якія прайшлі ў Беларусі пры рэжыме Аляксандра Лукашэнкі, былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю несвабоднымі і несправядлівымі. Кіраўнічцы Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзіі Ярмошынай за фальсіфікацыю вынікаў выбараў забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША.