Злотнікаў: «У крызіс трэба ратаваць не прадпрыемствы, а людзей»
- 13.08.2009, 14:17
Незалежны эканаміст заяўляе, што ў Беларусі сітуацыя цяжэй, чым у іншых краінах.
На яго думку, адной толькі разгрузкай складоў улады Беларусі не вырашаць эканамічныя праблемы.
«Ёсць дзве рэчы, якія сапраўды дапамогуць выцягнуць краіну з крызісу: гэта свабоднае прадпрымальніцтва і інавацыйнае развіццё», - заявіў Леанід Злотнікаў у інтэрв'ю Радыё TUT.BY .
«Калі ў Кітаі аб'ем продажаў знізіўся на 25%, у Нямеччыне - на 20-22%, дык наш экспарт скараціўся ўдвая. Асаблівасць нашай сітуацыі ў тым, што беларуская прамысловасць на працягу доўгіх гадоў станавілася ўсё менш канкурэнтаздольнай, эканоміка прымітывізавалася», - кажа эксперт.
«Паводле ацэнак міжнародных арганізацыяў нашая прамысловасць па канкурэнтаздольнасці знаходзіцца на 70-м месцы ў свеце. Беларускія прадпрыемствы, якія раней гучалі на ўвесь свет сваімі распрацоўкамі, зараз апусціліся да ўзроўню адвёрткавай зборкі, нягледзячы на ўсе ўкладзеныя ў іх грошы і дадзеныя субсідыі», - патлумачыў эксперт.
Паводле яго словаў, нягледзячы на абвешчаную ўрадам лібералізацыю, у краіне па-ранейшаму існуюць нацэнкі і фіксаваныя кошты. «Пры лібералізацыі наогул не павінна быць ніякіх нацэнак, дзяржава не павінна ўмешвацца ў фармаванне коштавай палітыкі, яна павінна сачыць толькі за тым, каб была здаровая канкурэнцыя без манапалістаў», - цытуе Леаніда Злотнікава «Тэлеграф».
«Дзяржава не павінна загадваць, каму і што пастаўляць. Не павінна быць ніякіх вытворчых паказчыкаў. Тады актыўнасць прадпрымальнікаў стане творчай сілай, якая выцягне эканоміку краіны», - упэўнены ён.
Леанід Злотнікаў таксама звярнуў увагу на негатыўныя наступствы вялікіх аб'ёмаў знешняга крэдытавання. «Калі падлічыць усе грошы, якія мы ўжо атрымалі, выйдзе па адным мільярдзе ў месяц. Гэта значыць, нам трэба аддаваць ранейшыя абавязкі, новыя, якія з'явіліся, затыкаць дзіркі ва ўласнай эканоміцы. Калі ў нас не атрымаецца яшчэ дзесьці пазычыць пяць мільярдаў даляраў да канца года, дык узровень жыцця насельніцтва будзе зніжацца яшчэ хутчэй», - адзначыў эканаміст.
Леанід Злотнікаў заклікаў улады краіны спыніць падтрымку неэфектыўных прадпрыемстваў і рэарганізаваць АПК. «Неабходна ратаваць не прадпрыемствы, а людзей... Трэба давесці дапамогу па беспрацоўі хаця б да 150-200 даляраў - гэта магчыма, калі спыніць стратную працу, перавучыць людзей, даць ім магчымасць асвоіць іншую прафесію», - дадаў эксперт.