У Беларусі працягваюцца акцыі пратэсту - за свабоду палітвязняў (Фота)
- 17.08.2009, 0:25
16 жніўня, у Дзень салідарнасці, у Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі акцыі апазіцыі.
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» вышлі на праспект Незалежнасці ў Менску на скрыжаванні з вуліцай Казлова. Маладыя апазіцыянеры разгарнулі расцяжку «Свабоду палітвязням!» і трымалі партрэты Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага.
Адзін з удзельнікаў мерапрыемства з дапамогай мегафона распавёў мінакам пра рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў апазіцыі і пра палітычных вязняў беларускіх турмаў.
Пікет доўжыўся 15 хвілінаў, падчас яго правядзення да ўдзельнікаў звярнуліся дзесяткі мінакоў, якія цікавіліся лёсам палітвязняў і выказвалі падтрымку маладым людзям.
Акцыя ў Дзень салідарнасці прайшла таксама насупраць Нацыянальнай бібліятэкі, на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава. Яе ўдзельнікі патрабавалі спынення палітычных рэпрэсіяў і вызвалення Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага.
Маладыя людзі сталі ў ланцужок, трымаючы ў руках транспарант «Свабоду палітвязням!» і партрэты вязняў сумлення. Таксама яны гучна скандавалі лозунгі з патрабаваннем вызваліць арыштаваных апазіцыянераў. Акцыя працягвалася 15 хвілінаў, ніхто з яе ўдзельнікаў не быў затрыманы.
Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» таксама расклейвалі ў Менску ўлёткі і плакаты з інфармацыяй пра Дзень салідарнасці і палітвязняў.