BE RU EN

Адмоўнае сальда гандлю перавысіла аб'ём золатавалютных рэзерваў

  • 17.08.2009, 12:27

Ва ўмовах крызісу гандаль беларускімі таварамі за мяжой пагаршаецца з кожным месяцам.

За 6 месяцаў бягучага года беларуская прамысловасць паставіла на экспарт тавараў на 9 млрд. даляраў. Паказчык амаль напалову горшыя, чым у студзені - чэрвені 2008 года, калі было экспартавана тавараў больш чым на 17 млрд. даляраў. Коштавы аб'ём экспарту ў параўнанні са студзенем - чэрвенем 2008 года ў фактычных коштах зменшыўся на 47,7%, ці на 8,2 млрд. даляраў, паведамляе БелаПАН.

Прыкметней за ўсё скараціліся пастаўкі на знешнія рынкі прамежкавых тавараў. Толькі за месяц у коштавым выражэнні іх экспарт знізіўся больш чым на 1 млрд. даляраў. Калі за студзень - травень экспарт прамежкавых тавараў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года знізіўся больш чым на 5 млрд. даляраў, дык за студзень - чэрвень мінус склаў ужо 6 млрд. 335 млн. даляраў.

Зніжэнне попыту на прамежкавыя тавары можна назваць катастрафічным. За месяц іх пастаўкі на знешні рынак знізіліся прыкладна настолькі, наколькі за паўгады знізіўся попыт на інвестыцыйныя тавары (мінус 1 млрд. 354,7 млн. даляраў).

Праўда, кіраўніцтву краіны наўрад ці грэе душу больш-менш нядрэннае становішча з экспартам інвестыцыйных тавараў. Бо на знешніх рынках скараціліся продажы такіх нацыянальных брэндаў, як трактары (на 46%), грузавыя аўтамабілі і седлавыя цягачы (-19,7%).

Як адзначае Белстат, коштавы аб'ём экспарту харчовых тавараў знізіўся на 9,6%. Гэта адбылося ў выніку скарачэння экспартных паставак згушчанага і сухога малака (на 68,3 млн. даляраў), рыбных кансерваў (-28,1 млн. даляраў), свініны (-21,3 млн. даляраў), сыроў і тварагу (-15,1 млн. даляраў), белага цукру (-13,5 млн. даляраў).

У цэлым па выніках шасці месяцаў аб'ем знешняга гандлю таварамі склаў 21,9 млрд. даляраў. У тым ліку экспарт - 9 млрд. даляраў, імпарт - 12,9 млрд. даляраў. Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі - 3 млрд. 949 млн. даляраў. Гэта амаль на 1 млрд. перавышае золатавалютныя рэзервы (3 млрд. 165 млн. даляраў на 1 жніўня).

Калі ўлічыць дынаміку пагаршэння знешнегандлёвага балансу (штомесяц амаль на 600 млн. даляраў), дык па стане на 1 жніўня адмоўнае сальда знешняга гандлю можа перавысіць аб'ём золатавалютных рэзерваў амаль на 30%.

Горш за ўсё ідзе гандаль з Расеяй і краінамі СНД. Паводле звестак Белстата, за паўгады сальда знешняга гандлю з Расеяй і краінамі СНД - мінус 4,6 млрд. даляраў і мінус 4,26 млрд. даляраў адпаведна.

Апошнія навіны