У Беларусі пачала працу група экспертаў МВФ
- 18.08.2009, 11:53
Сёння ў Менск прыехала група экспертаў фонда на чале з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Крыстаферам Джарвісам.
Як паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве Міжнароднага валютнага фонда, місія мусіць ацаніць хаду выканання беларускім урадам праграмы, якая падтрымліваецца крэдытам stand-by у агульным памеры 3,52 млрд. даляраў ЗША. Эксперты фонда таксама правядуць кансультацыі па развіцці беларускай эканомікі за мінулы год і перспектывах на будучыню. Чакаецца, што для ўдзелу ў гэтых кансультацыях Беларусь 24—26 жніўня наведае дырэктар еўрапейскага дэпартамента МВФ Марак Белька.
У межах працы місіі заплянаваны сустрэчы ва ўрадзе Беларусі, Нацыянальным банке, міністэрстве эканомікі і фінансаў, Адміністрацыі прэзідэнта. Прадугледжаны таксама сустрэчы Белькі з вышэйшымі дзяржаўнымі чыноўнікамі Беларусі.
Беларусь звярнулася за атрыманнем крэдыта да МВФ у кастрычніку 2008 года «з мэтаю павелічэння дзяржаўных золатавлютных запасаў і стварэння «падушкі бяспекі», неабходнай для стабільнай працы эканомікі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу».
У студзені 2009 года кіраўніцтва МВФ ухваліла праграму stand-by для Беларусі ў аб’ёме каля 2,46 млрд. даляраў пад праграму эканамічных рэформ, што разлічана на 15 месяцаў (да красавіка 2010 года). Першы транш крэдыту ў 788 млн. даляраў ЗША па стаўцы LIBOR плюс 0,75% гадавых паступіў у Беларуь 14 студзеня, астатнія сродкі пералічваюцца з улікам штоквартальных справаздач беларускага ўрада.
29 чэрвеня Савет дырэктароў МВФ скончыў першы агляд у межах дамоўленнасці з уладамі Беларусі пра крэдыт stand-by. Пры гэтым фонд зацвердзіў даванне чарговага траншу крэдыту ў памеры 679,2 млн. даляраў ЗША і павялічыў агулам аб’ём фінансавай падтрымкі на 1 млрд. даляраў – да 3,52 млрд.
Другі транш крэдыту МВФ паступіў у Беларусь 2 ліпеня.
На прэс-канферэнцыі 29 ліпеня старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч паведаміў, што да канца год Нацбанк разлічвае атрымаць ад Міжнароднага валютнага фонда яшчэ два траншы на суму 1,35 млрд. даляраў стабілізацыйнага крэдыту.