BE RU EN

Гары Паганяйла: Улады могуць вярнуцца да палітычных «чыстак» 1937 года

  • 18.08.2009, 12:51

Прыняцце законапраекта, які надзяляе кіраўнікоў Камітэта дзяржбяспекі, МУС і Дэпартамента фінансавых раследванняў правам даваць санкцыі на арышты грамадзян, можа вярнуць Беларусь да страшных трыдыцый сталінскіх часоў.

На днях Аляксандр Лукашэнка выступіў з ініцыятывай надзяліць міністра МУС, старшыню КДБ і кіраўніка Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) правам «ажыццяўляць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, ужываць меры стрымання і здзяйсняць асобныя працэсуальныя дзеянні па матываванай пастанове». Беларускі кіраўнік упэўнены, што «кіраўнікі настолькі высокага рангу» не менш кампетэнтныя за пракурора, які дае санкцыю. Таксама Лукашэнка настойвае на неабходнасці стварыць асобны следчы камітэт, падпарадкаваны асабіста яму.

На думку беларускіх праваабаронцаў, апошнія ініцыятывы беларускага дыктатара адсылаюць да сталінскіх «трояк», калі санкцыю на арышт у дасудовым парадку выдаваў кіраўнік мясцовага НКУС, сакратар абкома і пракурор. Усё гэта рабілася для разгрома «антысавецкіх элементаў».

У прыватнасці, юрыст Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла ў інтэрв’ю сайту www.charter97.org заявіў, што надзяленне кіраўнікоў МУС, КДБ і ДФР дадатковымі паўнамоцтвамі можа прывесці Беларусь да сітуацыі 1937 года.

«Апроч санкцый на арышт, кіраўнікі МУС, КДБ і ДФР атрымліваюць права санкцыянаваць правядзенне аператыўных мерапрыемстваў, што раней рабіла пракуратура. Такім чынам, пракуратура пазбаўляецца паўнамоцтваў, і санкцыянаванне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў перадаецца ў рукі тых, хто зможа быць зацікаўлены ў звядзенні разлікаў ці фальсіфікацыі дадзеных следства, -- заяўляе юрыст. – Па-сутнасці, гэта ініцыятыва блізкая да такога парадку, які існаваў у 1937 годзе. Праваабаронцы ўспрымаюць яе як парушэнне умоваў вядзення аператыўна-следчых мерапрыемстваў».

«Падобнае новаўвядзенне, калі яно будзе здзейснена, прывядзе да канчатковай разбалансіроўкі так званых механізмаў стрымак і процівагаў, узмацненню, а па істоце бескантрольнасці выканаўчай улады на чале з прэзідэнтам. Калі гэта робіцца пад сцягам барацьбы з карупцыяй у органах пракуратуры, то такія метады барацьбы асуджаныя на правал. Яны абсалютна неэфектыўныя і могуць служыць толькі «фігавым лістком» прыкрыцця праўдзівых прычын, звязаных з прыніжэннем ролі кантрольных, наглядальных функцый пракуратуры, пасля чаго яна стане нікчэмным атрыбутам у сістэме ўлады, усталяванай Канстытуцыяй, і будзе дзейнічаць па прынцыпе: «Чаго дазволіце?». Таму з'яўляецца небяспека, што 1937 год можа паўтарыцца. У крытычны момант улады змогуць учыняць палітычныя «чысткі» і займацца барацьбой з іншадумствам», - лічыць праваабаронца.

Што тычыцца следчага камітэта, падкантраляванага асабіста Лукашэнку, Паганяйла лічыць, што яго стварэнне можа прывесці да практыкі масавых арыштаў.

«Сама па сабе ідэя стварыць асобны следчы камітэт была бы апраўданая, калі б Беларусь з’яўлялася прававой дзяржавай, -- упэўнены праваабаронца. – Ён мог бы выступаць «кантралёрам» аператыўных структур. Але ў нашай сітуацыі адбудзецца зваротны эфект.

Беларусь – нажаль, краіна, неправавая і недэмакратычная. У нашых умовах адсутнасць пазаведамаснага кантроля можа прывесці да фабрыкацыі доказаў і сведчанняў, да масавых арыштаў».

Апошнія навіны