Усіх замежных студэнтаў правераць на свіны грып
- 19.08.2009, 15:24
Міністэрства аховы здароўя лічыць, што ў найбліжэйшы месяц у Беларусі могуць быць зафіксаваныя першыя захворванні на вірус грыпу А/H1N1.
Як заявіла 19 жніўня на прэс-канферэнцыі галоўны санітарны ўрач краіны Валянціна Качан, прадухіліць завоз віруса высокапатагеннага грыпу ў Беларусь адназначна не атрымаецца, паведамляе «Ежедневник».
«Гэта ўсё роўна, што спрабаваць адмяніць уcход або заход сонца», - сказала яна, нагадаўшы, што захворванне выявілася практычна ва ўсіх краінах нашага рэгіёна, а ўзровень міграцыі насельніцтва ў Беларусі вельмі высокі.
Па адзнаках інфекцыяністаў, рызыка завозу віруса ў краіну асабліва ўзрасце, калі беларусы пачнуць масава вяртацца з летняга адпачынку.
«У сувязі з гэтым Мінздравам прымаюцца меры па недапушчэнні распаўсюду віруса высокапатагеннага грыпу ў выпадку яго завозу, асабліва сярод арганізаваных калектываў», - паведаміла В.Качан.
Медагляд на наяўнасць віруса «свінога» грыпу пройдуць усе замежныя студэнты пры засяленні ў інтэрнаты, паведаміла Валянціна Качан.
«Адмяніць вірус мы не можам. У нас высокі адсотак міграцыі насельніцтва. У прыватнасці, з 23 жніўня па 7 верасня будзе праходзіць медагляд замежных студэнтаў, якія засяляюцца ў інтэрнаты, каб прадухіліць распаўсюд віруса свінога грыпу», - сказала В.Качан.