Хашчавацкі здымае фільм «Лабатамія» - пра прапагандысцкую машыну
- 20.08.2009, 10:41
Вядомы беларускі рэжысёр, аўтар фільмаў «Звычайны прэзідэнт» і «Плошча» Юры Хашчавацкі пачаў працу над новым фільмам.
Прысвечаны ён таму, як працуе «машына прапаганды» у Расеі.
«Я зараз працую над фільмам з працоўнай назвай «Лабатамія». Пра тое, як працуе машына хлусні ў Расеі, машына прапаганды. Усё на аснове падзеяў у Грузіі і Паўднёвай Асеціі. А таксама ў Эстоніі ў гісторыі з бронзавым салдатам. І з Украінай. Таксама павінна ўвайсці частка матэрыялаў - што адбываецца. Так бы мовіць - погляд з боку», - паведаміў Хашчавацкі ў інтэрв'ю «Еўрарадыё».
Рэжысёр упэўнены, што гэты яго фільм не возьме для паказу ніводзін расейскі тэлеканал.
«Возьмуць, але гадоў праз 20. Як гісторыю сваю. Калі гэта ўжо не расейскія каналы будуць, а каналы земляў. Кшталту Маскоўскага княства, Уральскай рэспублікі, Далёкаўсходняга царства, Казанскага каганата якога-небудзь. Яны будуць паказваць. Для таго, каб патлумачыць сваім грамадзянам, чаму яны развалілі «Вялікую Расею», - кажа Хашчавацкі.
Юры Хашчавацкі -- вядомы беларускі кінарэжысёр-дакументаліст, аўтар фільмаў «Плошча», «Наперад, у мінулае», «Звычайны прэзідэнт», «Тут быў Крылоў», «Усё добра», «Рускае шчасце», «Аазіс», «Багі сярпа і молата», з'яўляецца акадэмікам Еўразійскай тэлевізійнай акадэміі, лаўрэатам кінапрэміі свету Берлінскага кінафэсту, прэміі расейскага Саюза пісьменнікаў імя А.Дз. Сахарава, уладальнікам гранаў-пры сусветнага кінафэста Human Rights Watch у Нью-Ёрку.