Зарэгістраваць партыю ці арганізацыю ў Беларусі па-ранейшаму немагчыма
- 20.08.2009, 13:40
Галоўная праблема для ствараемых партый і грамадскіх аб’яднанняў сёння складаецца ў атрыманні рэгістрацыі ў Мінюсце.
Міністэрства юстыцыі паведаміла пра тое, што ў Беларусі спрошчана рэгістрацыя палітычных партый. Выяўляецца, на думку Мінюста, гэта ў тым, што зараз рэгіструючы орган будзе адначасова з рэгістрацыяй ставіць новыя партыі на ўлік у падатковыя органы, органы статыстыкі і ў «Белдзяржстрах». У той жа час юрысты палітычных партый, з якімі пагутарыў карэспандэнт «БДГ», не лічаць, што прынятае рашэнне прывядзе да спрашчэння рэгістрацыі ў краіне палітычных партый.
Прэс-служба Міністэрства юстыцыі паведамляе, што «у мэтах рэалізацыі адзінага падыходу да дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычных асоб» урад прыняў рашэнне спрасціць рэгістрацыю партый, а таксама грамадскіх аб'яднанняў, саюзаў, фондаў.
Раней, як адзначае Мінюст, пасля дзяржаўнай рэгістрацыі прадстаўнікам вышэйназваных арганізацый трэба было самастойна станавіцца на ўлік у падатковыя органы, органы дзяржаўнай статыстыкі, органы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, «Белдзяржстрах». Адцяпер ставіць на ўлік новыя партыі, грамадскія аб'яднанні ў названыя дзяржорганы будзе сам рэгіструючы орган. Чалец Палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер, які аказвае партыі юрыдычную падтрымку, станоўча ацэньвае прынятае рашэнне. «Партыям і грамадскім аб'яднанням цяпер не прыйдзецца займацца лішняй папяровай цяганінай», - кажа Альфер. Пры гэтым, аднак, ён дадае, што рашэнне ўрада не тычыцца самой працэдуры рэгістрацыі партый і грамадскіх аб'яднанняў.
«Насамрэч, дадзеная пастанова не тычыцца рэгістрацыі партый і грамадскіх аб'яднанняў. Працэдура рэгістрацыі партый і грамадскіх аб'яднанняў засталася складанай, і прынятае рашэнне яе ніяк не змяніла», - канстатуе Сяргей Альфер.
З ім згодны адказны сакратар Партыі БНФ Уладзімір Лабковіч, які кансультуе партыю па юрыдычных пытаннях.
«Міністэрства юстыцыі паспрабавала падаць прынятае рашэнне як велізарны крок на шляху лібералізацыі. Насамрэч, нічога сур'ёзнага для гэтага зроблена не было. Праблема для ствараемых партый і грамадскіх аб'яднанняў сёння складаецца не ў тым, каб стаць на ўлік у падатковыя органы, органы статыстыкі. Праблема складаецца ў атрыманні рэгістрацыі ў самім Мінюсце», - адзначае Уладзімір Лабковіч.
Па яго словах, за апошнія два гады партыя больш за дзесяць разоў спрабавала зарэгістраваць свае рэгіянальныя структуры, аднак мясцовыя ўпраўленні юстыцыі па розных прычынах адмаўляліся іх ставіць на ўлік.
«Апошні раз нам адмовілі ў рэгістрацыі партыйнай структуры ў Гарадзенскай вобласці. На якой падставе? Нам сказалі, што міжрадковы інтэрвал у дакументах, якія былі пададзеныя на рэгістрацыю, няслушны», - узгадвае Уладзімір Лабковіч. Аналагічная сітуацыя ў Аб'яднанай грамадзянскай партыі – за апошнія два гады партыі не змагла зарэгістраваць ні воднай рэгіянальнай структуры. Па словах Сяргея Альфера, рэгіструючыя органы знаходзілі любыя недакладнасці ў дакументах, каб у рэгістрацыі партыйнай структуры адмовіць. «Усе гэтыя недакладнасці былі настолькі неістотныя, што не вартыя асобай увагі. Але тут спрацоўвала правіла: той, хто хоча адмовіць, заўсёды знойдзе прычыну гэта зрабіць», - кажа Сяргей Альфер.
На думку юрыстаў беларускіх палітычных партый, рэалізацыя «адзінага падыходу да дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычных асоб» адбудзецца тады, калі ў краіне для рэгістрацыі ўсіх юрасоб будуць створаныя роўныя ўмовы.
«Сёння гэтага няма. У дачыненні да юрыдычных асоб, якія маюць намер займацца камерцыйнай дзейнасцю, усталяваны заяўнічы прынцып рэгістрацыі. У дачыненні да партый, грамадскіх аб'яднанняў, якія таксама выступаюць юрыдычнымі асобамі, распаўсюджваецца дазваленчы прынцып рэгістрацыі», - канстатуе Уладзімір Лабковіч.
Сябра Палітрады АГП Сяргей Альфер мяркуе, што дзяржава мае намер падзяліць гэтыя дзве катэгорыі юрыдычных асоб. «Дзяржава дазваляе юрасобам, якія займаюцца камерцыйнай дзейнасцю, афармляць офісы ў жылым фондзе. Пры гэтым на партыі, грамадскія аб'яднанні гэтае правіла не распаўсюджваецца. Чаму існуе такі падзел? Верагодна, улада асцерагаецца палітычнай канкурэнцыі, таму ў краіне створаныя розныя перашкоды, якія замінаюць партыйнаму будаўніцтву», - рэзюмаваў Сяргей Альфер.