BE RU EN

На тэрыторыі Беларусі пройдуць вучэнні КСАР АДКБ

  • 23.08.2009, 14:32

Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бяспецы правядзе вучэнні па прымяненні Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання з 26 жніўня па 19 кастрычніка. У Беларусь войскі ўвойдуць у верасні.

«Вучэнне ўяўляе з сябе комплекс сумесных аператыўна-стратэгічных і камандна-штабных вучэнняў, якія праводзяцца паслядоўна ў адзінай стратэгічнай і ваенна-палітычнай абстаноўцы, якая ахоплівае ўсе рэгіёны калектыўнай бяспекі АДКБ», - паведамілі «Інтэрфаксу» у Аб'яднаным штабе Арганізацыі.

Суразмоўца агенцтва ўдакладніў, што вучэнне пройдзе ў тры этапы на тэрыторыі Расеі, Беларусі і Казахстана.

Тэматыка вучэнняў — «прадухіленне сумеснымі высілкамі, а пры неабходнасці — ліквідацыя ваеннай пагрозы суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаваў — удзельніцаў АДКБ».

Раней паведамлялася аб пераносе вучэнняў КСАР АДКБ у Казахстане, якія павінны былі пачацца 19 жніўня. Кіраўнік прэс-службы Сакратарыята арганізацыі Віталь Стругавец, каментуючы БелаПАН паведамленні, якія з'явіліся ў інтэрнэце, пра тое, што вучэнні нібыта сарваў Менск, які не падпісаў пагадненне аб стварэнні КСАР, заявіў, што пазіцыя Менска па пытанні стварэння ў межах Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання не з'яўляецца прычынай пераносу вучэнняў.

Нагадаем, пагадненне аб КСАР было падпісанае 14 чэрвеня ў Маскве на паседжанні Савета калектыўнай бяспекі лідэрамі толькі пяці дзяржаваў. Беларуская дэлегацыя адмовілася ад удзелу ў саміце з-за «малочнага» канфлікту з Расеяй. Не падпісаў дакумент і прэзідэнт Узбекістана.

Пасля нефармальнага саміту АДКБ у Кыргызтане 31 ліпеня генеральны сакратар арганізацыі Мікалай Бардзюжа заявіў: «Беларускі бок гатовы быў падпісаць гэтае пагадненне. Мала таго, на паседжанні камітэта сакратароў саветаў бяспекі, якое прайшло ў Менску, ён ўхваліла праект пагаднення. Акрамя таго, беларускім бокам былі пададзеныя прапановы ў склад КСАР. Я лічу, што непадпісанне Беларуссю — гэта ўсяго толькі чыста тэхнічная праблема, і яна ў хуткім часе будзе ліквідаваная».

Як патлумачыў Віталь Стругавец, правядзенне вучэнняў было спланаванае яшчэ ў сярэдзіне мінулага года. З тых часоў у межах арганізацыі быў прыняты шэраг важных палітычных рашэнняў, у прыватнасці аб стварэнні КСАР. Аднак дагэтуль гэтыя сілы не сфармаваныя.

Мяркуецца, што вучэнні з імі будуць праведзеныя ў Казахстане ў сярэдзіне кастрычніка. Яны стануць завяршальным этапам сумесных комплексных вучэнняў дзяржаваў — удзельніцаў АДКБ.

Першы іх этап — штабныя вучэнні — пройдзе ў Маскве 26 жніўня. Другі — у верасні ў Беларусі.

Варта адзначыць, што пакуль Беларусь не далучылася да пагаднення аб стварэнні КСАР, гэтыя сілы не лічацца сіламі АДКБ.

21 жніўня для сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым у Сочы выляцеў Аляксандр Лукашэнка. Адной з тэмаў перамоваў можа стаць падпісанне пагаднення аб КСАР АДКБ.

Незалежныя эксперты ўпэўненыя, што КСАР ствараецца, перш за ўсё, для задушэння выступаў дэмакратычнай апазіцыі ў краінах-удзельніцах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Апошнія навіны