Імпарт пад забаронай: 90% тавараў у крамах будуць беларускімі
- 24.08.2009, 10:03
Перад гандлем пастаўленая задача павялічыць абавязковую долю беларускай прадукцыі ва ўсіх крамах краіны.
З гэтага часу беларускіх харчовых тавараў у крамах павінна быць не менш за 90%, нехарчовых - не менш за 70% (сёння - прыкладна 80% і 55%). Такую меру ўлады разглядаюць як адзін са спосабаў разгрузкі складоў. Аднак у выніку могуць пагоршыць яшчэ і фінансавае становішча гандлю.
Новая ініцыятыва ўладаў прагучала на працоўнай нарадзе па пытаннях экспарту і разгрузкі складоў. Яна прайшла 20 жніўня ў Фрунзенскім райвыканкаме Менска з удзелам кіраўнікоў прадпрыемстваў, паведаміў «Беларускім навінам» адзін з удзельнікаў.
Ён адзначыў, што нарасціць удзельную вагу беларускіх тавараў у крамах улады маюць намер любымі спосабамі і нават у шкоду рознічнаму таваразвароту. Акрамя таго, суразмоўца паведаміў, што начальнік упраўлення прадпрымальніцтва Менгарвыканкама Аляксандр Каліноўскі гранічна ясна даў зразумець: улады не збіраюцца адмаўляцца ад намераў абмежаваць дзейнасць пасярэднікаў пры руху імпартных тавараў (гэта прадугледжвала скандальная пастанова ўрада № 991), і такая праца працягваецца.
Упраўленню спажывецкага рынку Менска ўжо даручана скласці разгорнуты пералік асартыменту па буйных гандлёвых аб'ектах і наконт таго, якія імпартныя тавары яны закупляюць і прадаюць. У канцы мінулага года ў Камітэта дзяржкантролю выклікаў незадаволенасць той факт, што шэраг буйных гандлёвых аб'ектаў (гіпермаркеты «Прастор», «Карона», «Гіпа», а таксама ўніверсамы «Суседзі» і «Рублёўскі») рабілі стаўку на імпарт. Там беларускія тавары складалі толькі 20% харчовых і 7,7% нехарчовых.
Як паведамляе «Менск-Навіны», на апошняй аператыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме выканаўца абавязкаў старшыні Мікалай Ладуцька даў даручэнне ўдвая павялічыць вытворчасць прадукцыі па праграме імпартазамяшчэння. Па словах чыноўніка, у Менск па 260 пазіцыях паступае імпартная прадукцыя, аналагі якой выпускаюцца беларускімі прадпрыемствамі, а яшчэ па 400 пазіцыях вытворчасць можа быць дапрацаваная і ўключаная ў праграму імпартазамяшчэння. На яе перагляд сталічныя ўлады адвялі два тыдні. Пасля чаго заданне будзе даведзенае да ўсіх прадпрыемстваў горада ўсіх формаў уласнасці.
Сёння доля беларускай прадукцыі ў гандлі складае крыху больш за 70%, у тым ліку харчовых тавараў - каля 80%, нехарчовых - каля 55%.
Але і гэтых цалкам высокіх паказчыкаў, дасягнутых у асноўным адміністрацыйнымі мерамі, ураду здаецца недастаткова. Тым больш што квоты на 70-адсоткавую наяўнасць у гандлёвай кропцы беларускіх тавараў афіцыйна не дзейнічаюць. Яны былі адмененыя ўрадам яшчэ тры гады таму на запатрабаванне расейскага боку. Але працягваюць даводзіцца ў якасці «рэкамендацыі».
Яшчэ адным рычагом уздзеяння на крамы для павелічэння долі беларускіх тавараў з'яўляецца асартыментны пералік, які зацвярджае Мінгандлю.
Прадстаўнікі гандлю лічаць, што імпарт павінен прысутнічаць, у тым ліку і тады, калі аналагічны тавар вырабляецца ў краіне. «Чаму мы павінны загадваць чалавеку, які атрымаў зарабатную плату, на што яму выдаткаваць грошы? Гэта павінен быць яго ўсвядомлены выбар», - адзначыў намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях ААТ «ГУМ» Сяргей Рашчынскі падчас паседжанняў круглага стала «Аб стане, праблемах і тэндэнцыях развіцця беларускага спажывецкага рынка», праведзенага Менскім сталічным саюзам прадпрымальнікаў і працадаўцаў 20 жніўня.
Каб беларускія тавары прадаваліся не з-пад палкі, яны павінны адпавядаць густам і запытам пакупнікоў. Аднак задаволіць іх запатрабаванні прадпрыемствы Беллегпрама сёння ў поўнай меры не могуць, лічыць Сяргей Рашчынскі. У прыватнасці, патлумачыў ён, гэта датычыць жаночых святочных строяў і сукенак, жаночых дзелавых строяў, блузак, сучаснай вопраткі з джынсавай тканіны.
Вытворцы таксама не могуць прапанаваць мужчынскія касцюмы з сучаснай тканіны светлых таноў, сучасныя спартыўныя касцюмы для дарослых, мужчынскія шорты, святочную вопратку для нованароджаных, вясельныя туфлі. Беларускія прадпрыемствы не робяць абутак сучасных мадэляў для падлеткаў 38-40 памераў, а таксама кеды і паўкеды.
Намеснік дырэктара ГУМа лічыць, што вытворцам трэба ўдасканальваць працу над дызайнам верхняй вопраткі, часцей абнаўляць мадэлі, пашыраць гаму расфарбовак.
Пры гэтым ён адзначыў, што ўнівермаг выконвае даведзеную квоту ў 70% тавараў беларускай вытворчасці. «Але мы імкнемся, каб асартымент імпартных тавараў таксама прысутнічаў, каб не адвучыць пакупніка хадзіць у краму».
За кошт продажу адных беларускіх тавараў дамагчыся росту таваразвароту і выручкі гандлю будзе праблематычна. Па словах Сяргея Рашчынскага, у першым паўгоддзі 2009 года павялічыць таваразварот перашкаджала якраз неэфектыўнае выкарыстанне гандлёвых плошчаў, дзе размяшчаліся незапатрабаваныя пакупніком беларускія тавары. «Гэта квоты, якія сёння дзейнічаюць і якія трэба выбіраць», - патлумачыў намдырэктара ГУМа. У першым паўгоддзі ўнівермаг вярнуў пастаўшчыкам нехадавых і ляжалых тавараў на 4 млрд 274 млн рублёў.
Якраз абмежавальныя квоты стрымліваюць больш актыўны выхад на беларускі рынак замежных аператараў гандлёвага бізнэсу новага фармату і ствараюць праблемы для беларускіх пастаўшчыкоў.