У беларускіх гарадах патрабуюць вызваліць вязня сумлення Дубскага (Фота)
- 24.08.2009, 11:49
Улёткі з патрабаваннем вызваліць удзельніка «Працэсу 14-ці» Арцёма Дубскага былі расклееныя ў Жодзіне і Талачыне.
Як паведамляе сайт jeans-by.com, актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» распаўсюджвалі іх у самых ажыўленых месцах гарадоў.
7 ліпеня Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». У 2008 годзе актывіст «Маладога фронту» быў вымушаны з'ехаць ва Украіну ў сувязі з тым, што супрацоўнікі міліцыі вынеслі яму два надуманыя папярэджанні аб парушэнні правілаў адбыцця пакарання. Дубскі быў затрыманы 13 лютага 2009 года ў Гомелі.
«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.
За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.