Новы альбом «Ляпісаў» можна запампаваць бясплатна
- 24.08.2009, 12:55
24 жніўня, за тыдзень да рэлізу на кампакт-дысках, гурт «Ляпіс Трубяцкі» выклаў свой новы альбом «Культпрасвет» у інтэрнэт для бясплатнай запампоўкі.
Сусветная прэм'ера «Культпрасвета» адбылася на сайце Kroogi.com, а таксама ў найбуйнейшай у свеце сацыяльнай сетцы Facebook (250 млн карыстальнікаў) - дзякуючы новаму Facebook-дадатку Kroogi Downloads. «Выпусціўшы альбом на «Кругах», гурт «Ляпіс Трубяцкі» стаў першапраходцам новай мадэлі музычнай дыстрыбуцыі і атамным ледаколам глабальнага рынка Facebook, - заявіў стваральнік кампаніі Kroogi Міраслаў Сарбаеў. - Kroogi Downloads - гэта чарговы крок у развіцці нашага праекту, які прапагандуе новы падыход да распаўсюду музыкі ў інтэрнэце: «Запампуй і заплаці, колькі лічыш справядлівым».
Новы альбом «Ляпісаў» можна запампаваць на «Кругах» і ў Facebook абсалютна бясплатна - прычым, у двух варыянтах: з бітрэйтам 192 ці 320 кбіт/з. А калі альбом спадабаецца слухачу і ён захоча падтрымаць музыкаў матэрыяльна, «Кругі» даюць магчымасць зрабіць фінансавае ахвяраванне праз WebMoney, PayPal ці праз СМС.
«Па сутнасці, гэта ўвасабленне ў жыццё прызабытага лозунга «Ад кожнага паводле здольнасцяў – кожнаму паводле патрэбаў», - кажа лідэр «Ляпіс Трубяцкога» Сяргей Міхалок. - І нам гэта вельмі падабаецца. Калі ў нейкага меламана праблема з грашыма, дык ён можа запампаваць «Культпрасвет» бясплатна ці заплаціць 10 рублёў - за гэта мы таксама будзем удзячныя. А які-небудзь алігарх можа кінуць на наш рахунак тысячу даляраў - калі перад гэтым моцна вып'е. Вядома, будзе спакуса прасадзіць гэтыя грошы ў спа-салонах, але, хутчэй за ўсё, мы выдаткуем іх на запіс новай кружэлкі».
Як і ў іншых краінах, CD-версія «Культпрасвета» выйдзе ў Беларусі 1 верасня.