У Сочы Аляксандр Лукашэнка купаецца ў моры з Колем
- 26.08.2009, 9:19
Беларускі кіраўнік на курорце праводзіць вольны час з расейскай спявачкай Валерыяй і яе мужам Іосіфам Прыгожыным.
Ужо пяты дзень беларускі кіраўнік знаходзіцца ў Сочы. Як паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси», у чаканні сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым, Аляксандр Лукашэнка жыве ў спа-гатэлі «Радзіма», які належыць алігарху Алегу Дзерыпаску.
Беларускі кіраўнік і на курорце прытрымваецца здаровага ладу жыцця: ён плавае ў басейне і ў моры (у гатэля свой закрыты пляж), гуляе ў вялікі тэніс. Як атрымалася даведацца, прэзідэнт адпачывае з малодшым сынам Колем. Вучыць хлопчыка гуляць у тэніс і валейбол.
Спа-гатэль славіцца на ўсе Сочы тым, што ў ім спыняюцца толькі заможныя людзі – зоркі, палітыкі і бізнэсмэны. Зараз, якраз у адзін час з Аляксандрам Лукашэнкам ў «Радзіме» адпачывае зорная пара – спявачка Валерыя і яе муж прадзюсар Іосіф Прыгожын. Расейскія знакамітасці і беларускі кіраўнік знайшлі агульную мову, з задавальненнем камунікуюць.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка адляцеў у Сочы ў пятніцу, 21 жніўня. У гэты дзень там быў Дзмітры Мядзведзеў, які сустрэўся толькі з прэзідэнтам Малдовы, і адразу ж адляцеў. Паводле афіцыйных паведамленняў, сустрэчы Лукашэнкі і Мядзведзева не было. Зрэшты, яна і не планавалася: яна прызначаная на 27 жніўня. Беларускі кіраўнік, вядома ж, ведаў пра дату сустрэчы.
На думку экспертаў, размова мае быць сур'ёзнай. У краінаў назапасілася шмат невырашаных пытанняў: у мінулым «малочныя войны», Беларусь так і не прызнала Абхазію і Паўднёвую Асецію, а іх прызнанню Расеяй, між іншым, заўтра роўна год. Акрамя таго, беларускі кіраўнік так і не паставіў подпіс пад дамовай аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання (КСАР), якія гэтак важныя для Расеі, і пры гэтым у Беларусь прыязджаюць пасланцы з Еўразвяза і ЗША. Увогуле, нядзіўна, што да такой размовы трэба рыхтавацца і збіраць сілы.