BE RU EN

Апазіцыянера пераследуюць за распаўсюджванне інфармацыі пра вязня сумлення Дубскага

  • 26.08.2009, 10:19

Лідскі актывіст «Маладога фронту» Вадзім Бароўскі атрымаў позву на паседжанне адміністрацыйнай камісіі па справе распаўсюджвання партрэтаў палітвязня Арцёма Дубскага.

Як паведамляе mfront.net, актывісту Вадзіму Бароўскаму трэба з'явіцца 26 жніўня ў 16:00 у кабінет №7 райвыканкама па вуліцы Савецкая 8. Позва падпісаная сакратаром камісіі Ю.Т. Ясюкайць. Варта адзначыць, што позва прыйшла ў паштовую скрыню і не была ўручаная пад распіску.

Нагадаем, што 27 ліпеня ў Лідзе ў раёне чыгуначнага вакзалу супрацоўнікі міліцыі затрымалі Вадзіма Бароўскага і Кастуся Ліцвінскага.

Моладзевыя актывісты расклейвалі інфармацыйныя ўлёткі пра палітвязня Арцёма Дубскага.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў адвезлі актывістаў «Маладога фронту» у раённы аддзел міліцыі.

Адзначым, што 7 ліпеня ўдзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». У 2008 годзе моладзевы актывіст быў вымушаны з'ехаць ва Украіну ў сувязі з тым, што супрацоўнікі міліцыі вынеслі яму два надуманыя папярэджанні аб парушэнні правілаў адбыцця пакарання. Дубскі быў затрыманы 13 лютага 2009 года ў Гомелі.

«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

Апошнія навіны